Беларуская Служба

Галандскіх мэраў непакоіць рост антысемітызму ў краіне

03.05.2024 13:02
Прадстаўнікі 329 галандскіх гарадоў выступілі з адкрытым лістом супраць гэтай з’явы.
Сцяг НідэрландаўMabelAmber/pixabay.com/CC0 Public Domain

Чыноўнікі мясцовых уладаў з Нідэрландаў перасцерагаюць ад росту антысемітызму. У адкрытым лісце яны заклікалі прапалестынскіх дэманстрантаў адмовіцца ад пратэстаў падчас святкавання Дня памяці 4 траўня, галоўныя ўрачыстасці якога пройдуць заўтра на плошчы Дам у Амстэрдаме.

329 мэраў заявілі, што антысемітызм – гэта форма расізму, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Антысеміцкія інцыдэнты ў Нідэрландах пачасціліся пасля 7 кастрычніка, калі ХАМАС напаў на Ізраіль.

Улады Амстэрдама ўвялі дадатковыя меры бяспекі пасля таго, як некалькі тыдняў таму прапалестынскія дэманстранты запалохвалі людзей, якія прысутнічалі на адкрыцці Нацыянальнага музея Халакосту. Затым яны асвісталі караля Нідэрландаў і прэзідэнта Ізраіля.

Каб пазбегнуць падобнай сітуацыі, кожны з 10 тысяч чалавек, якія прыйдуць на плошчу Дам, павінен быў зарэгістравацца праз інтэрнэт. Гасцей будуць правяраць і канфіскоўваць прапалестынскія сцягі і транспаранты.

Дзень памяці ў Нідэрландах адзначаецца 4 траўня. У гэты дзень жыхары згаданай краіны ўшаноўваюць памяць усіх жаўнераў і мірных жыхароў Нідэрландаў, якія загінулі падчас вайны і міратворчых аперацый.

IAR/аз