Беларуская Служба

Рэакцыя МЗС Літвы на планы Расіі: Гэта наўмысная правакацыя

22.05.2024 13:02
Літва папрасіла тлумачэнняў і заклікала Расію паважаць міжнароднае права і двухбаковыя пагадненні аб непарушнасці межаў.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Гэта наўмысная, мэтанакіраваная правакацыя, якая нарастае, такім чынам літоўскае Міністэрства замежных спраў адрэагавала на планы Расіі змяніць марскія межы ў Балтыйскім моры.
Гаворка ідзе пра праект дакумента апублікаваны на партале прававых дакументаў урада РФ, які тычыцца карэкціроўкі марскіх межаў з Літвой і Фінляндыяй. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Каміль Залеўскі:

- Міністэрства замежных спраў Літвы лічыць, што такім чынам Расія хоча запалохаць суседнія краіны і іх грамадствы. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што агрэсіўная і рэвізіянісцкая палітыка Расіі ўяўляе пагрозу бяспецы суседніх з Расіяй краін і ўсёй Еўропы, чытаем у паведамленні ведамства. Кіраўнік літоўскай дыпламатыі Габрыэлюс Ландсбергіс на сайце Х назваў інфармацыю аб расійскіх планах гібрыднай аперацыяй, накіраванай на пашырэнне нявызначанасці адносна намераў Масквы ў Балтыйскім моры. «Гэта відавочная эскалацыя супраць НАТА і Еўрасаюза, на якую неабходна даць адпаведны рашучы адказ», – падкрэсліў Ландсбргіс. Літва папрасіла тлумачэнняў на гэты конт і, як чытаем на сайце МЗС, заклікае Расію паважаць і выконваць міжнароднае права і двухбаковыя пагадненні аб непарушнасці межаў.

Мінабароны Расіі падрыхтавала праект карэкціроўкі марскіх межаў, якая павінна ахапіць усходнюю частку Фінскага заліва, раён гарадоў Балтыйск і Зеленаградск Каралявецкай вобласці, а таксама вусце ракі Нарва на расійска-эстонскім памежжы. Масква тлумачыць сваё аднабаковае рашэнне недакладнасцямі мапаў 1985 года, калі СССР зацвярджаў свае межы ў Балтыйскім моры.

IAR/аз