Беларуская Служба

Першыя ўкраінскія лётчыкі прайшлі навучанне кіраваннем знішчальнікамі F-16 у ЗША

24.05.2024 12:15
Кіеў разлічвае атрымаць першыя F-16 ад заходніх саюзнікаў у чэрвені-ліпені.
F 16
F 167th Army Joint Multinational Training Command/flickr/CC

Першая група ўкраінскіх пілотаў завяршыла навучанне на шматмэтавых самалётах F-16 на ваеннай базе ў Тусоне, штат Арызона, паведаміла прэс-сакратар Нацыянальнай гвардыі гэтага амерыканскага штата Эрын Ханінган.

Завяршэнне падрыхтоўкі ўкраінскіх пілотаў зʼяўляецца важным крокам да зʼяўлення сучасных амерыканскіх самалётаў у паветранай прасторы Украіны, піша выданне Politico.

Спасылаючыся на пытанні бяспекі, Ханінган не ўдакладніла, калі скончыліся трэніроўкі і колькі пілотаў прыняло ўдзел.

«Вядома, гэта не канец вучэбнага працэсу. Цяпер лётчыкі вяртаюцца ў Еўропу і працягнуць падрыхтоўку, а потым прыедуць ва Украіну і працягнуць выкананне сваіх задач», – сказаў прэс-сакратар ВПС Украіны Ілля Еўлаш. Ён падкрэсліў, што ў навучальным працэсе бралі ўдзел таксама інжынеры.

Еўлаш таксама падкрэсліў, што першыя ва Украіне F-16 будуць выкарыстоўвацца для патрулявання і атакі праціўніка на перадавой.

У першай палове траўня Reuters са спасылкай на высокапастаўленую ўкраінскую вайсковую крыніцу паведамляла, што Кіеў разлічвае атрымаць першыя F-16 ад заходніх саюзнікаў у чэрвені-ліпені. Украіна чакае, што самалёты амерыканскай вытворчасці дапамогуць ёй змагацца з расійскай перавагай у паветры пасля больш чым двух гадоў поўнамаштабнай вайны. Данія, Нідэрланды, Нарвегія і Бельгія ўзялі на сябе абавязацельствы адправіць некалькі дзясяткаў машын.

PAP/вх