Беларуская Служба

ISW: Расія сцягвае войскі на межы дзвюх украінскіх абласцей

27.05.2024 12:06
Расіяне канцэнтруюць свае войскі на мяжы Харкаўскай і Сумскай абласцей.
  ()
Расійскія акупанты (ілюстрацыя)Фота: Naletova Elena/Shutterstock

Хаця колькасць кантынгенту РФ абмежаваная, гэта можа прымусіць Украіну перакінуць і расцягнуць свае сілы ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Расійскія войскі сканцэнтраваныя на захадзе Белгарадскай вобласці. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што цягам апошніх тыдняў расіяне пашырылі сваю дзейнасць на базах і складах у населеных пунктах гэтага раёна. Аднак дакладная колькасць сілаў акупантаў застаецца невядомай.

Гэты раён дазваляе расійскім войскам пачаць наступальныя аперацыі на поўдзень у напрамку Золахава і Багадухава, двух украінскіх гарадоў, размешчаных на паўночны захад ад Харкава, на адлегласці да 25 кіламетраў ад міжнароднай мяжы. Акрамя таго, расіяне могуць наступаць на захад уздоўж трасы Р-45, якая злучае Багадухаў з Сумамі.

Аналітыкі ISW мяркуюць, што войскі РФ маглі б весці наступленне ў адным або абодвух напрамках адначасова. Такія дзеянні прымусяць Украіну расцягнуць сілы на большым участку мяжы ў Харкаўскай і Сумскай абласцях.

У той жа час РФ засяроджвае абмежаваныя войскі ў Курскай і Бранскай абласцях паблізу мяжы з Сумскай вобласцю. У ISW лічаць, што нават абмежаваная канцэнтрацыя войскаў у гэтых раёнах можа прымусіць Украіну сцягнуць і замацаваць сілы на міжнароднай мяжы.

Расійскія ўзброеныя сілы цяпер даводзяць Паўночную групоўку войскаў да запланаванай колькасці і, верагодна, пачнуць абмежаваны наступ на напрамку Сумы-Харкаў.

«Нават абмежаваныя расійскія наступальныя аперацыі ў гэтых раёнах створаць ціск, які расцягне ўкраінскую жывую сілу і тэхніку ўздоўж больш шырокага фронту і, магчыма, дазволіць расійскім войскам стварыць тактычныя плацдармы для падтрымкі далейшых аперацый або на паўночны захад ад горада Харкава, або ў напрамку горада Сумы», – адзначылі ў справаздачы эксперты ISW.

Аднак, нават дасягнуўшы верхняй мяжы колькасці, Паўночная групоўка войскаў акупантаў не будзе мець дастатковай сілы, каб акружыць або захапіць Харкаў ці Сумы, мяркуюць у Інстытуце.

вх