Беларуская Служба

Бельгія паставціь Украіне 30 знішчальнікаў F-16 да 2028 года

28.05.2024 10:22
Украіна і Бельгія падпісалі пагадненне аб бяспецы.
Уладзімір Зяленскі і Аляксандр Дэ Кру PAP/EPA/KENZO TRIBOUILLARD / POOL

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэмʼер-міністр Бельгіі Аляксандр Дэ Кру падпісалі двухбаковае пагадненне аб бяспецы ў аўторак у Бруселі. Яно прадугледжвае пастаўку 30 знішчальнікаў F-16 да 2028 года.

Пагадненне было падпісана падчас нечаканага візіту прэзідэнта Украіны ў сталіцу Бельгіі.
«Дакумент уключае не менш за 977 мільёнаў еўра ваеннай дапамогі Бельгіі Украіне ў гэтым годзе, а таксама абавязацельства Бельгіі аказваць падтрымку на працягу дзесяцігадовага перыяду пагаднення», – абвясціў Зяленскі ў паведамленні на платформе X.

Як падкрэсліў украінскі прэзідэнт, у такім пагадненні ўпершыню была ўказаная дакладная колькасць знішчальнікаў F-16. 30 самалётаў павінны быць пастаўленыя ва Украіну да 2028 года. Па словах Зяленскага, першыя паступяць ужо ў гэтым годзе.

«Пагадненне гарантуе своечасовую дапамогу з боку Бельгіі ў галіне бяспекі, сучаснай бронетэхнікі, абсталявання для патрэб ВПС і супрацьпаветранай абароны Украіны, бяспекі на моры, размініравання, удзелу ў кааліцыі па боепрыпасах і ваеннай падрыхтоўкі», – сказаў Зяленскі.

Паводле яго слоў, дакумент таксама прадугледжвае ўзаемадзеянне абароннай прамысловасці, падтрымку ўкраінскай формулы міру, узмацненне жорсткасці санкцый супраць Расіі, пакрыццё шкоды і вяртанне агрэсара да справядлівасці, выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў і аднаўленне эканомікі.

Украіна і Бельгія таксама будуць паглыбляць супрацоўніцтва ў сферы выведкі, кібербяспекі і супрацьдзеяння дэзінфармацыі.

«Бельгія таксама выказвае падтрымку будучаму членству Украіны ў ЕС і НАТА», – сцвярджае Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны прыбыў у Бельгію ў панядзелак увечары з Іспаніі. Абодва візіты былі запланаваныя на пачатак траўня, але Зяленскі быў вымушаны іх адмяніць з-за наступу Расіі на поўначы Украіны.

ав