Беларуская Служба

Міжнародныя арганізацыі: Расія здзяйсняе ваенныя злачынствы супраць украінскіх дзяцей

01.06.2024 09:14
Дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у глыб Расіі і незаконныя ўсынаўленні – гэта толькі частка злачынстваў расіян супраць украінскіх дзяцей.
 -
Дзеці - ахвяры вайныFB/Генеральний штаб ЗСУ

Расія здзяйсняе ваенныя злачынствы супраць дзяцей з пачатку ўварвання ва Украіну – папярэджваюць у Міжнародны дзень абароны дзяцей арганізацыі, якія займаюцца маніторынгам правоў чалавека.

Ужо ў 2023 годзе Міжнародны крымінальны суд у Гаазе сабраў доказы злачынстваў расійскага агрэсара супраць украінскіх непаўналетніх і пастанавіў арыштаваць Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага па справах дзяцей Марыю Львову-Бялову.

Дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у глыб Расіі і незаконныя ўсынаўленні – гэта толькі частка злачынстваў расіян супраць украінскіх дзяцей.

Арлета Бойкэ, былая журналістка Польскага тэлебачання, якая шмат гадоў працавала ў Расіі і Украіне, сказала Польскаму радыё, што мэта палітыкі Уладзіміра Пуціна – дэнацыяналізацыя ўкраінцаў.

«Расіяне наўмысна праводзяць палітыку выкаранення ўкраінскасці ў гэтых дзецях, а з іх пункту гледжання гэта палітыка забойства нацыі», – тлумачыць Арлета Бойкэ.

Журналістка ўказвае, што аб'ектамі злачынстваў Пуціна зʼяўляюцца як дзеці, выкрадзеныя з акупаваных тэрыторый, так і тыя, хто гіне ў выніку расійскіх нападаў на ўкраінскія вёскі і гарады.

Ахвярамі вайны Уладзіміра Пуціна таксама сталі дзеці, якія разам з бацькамі ўцяклі з Украіны і, магчыма, ніколі не вернуцца на радзіму.

яс/IAR