«Расійская дэзынфармацыя ў Еўропе і ў развітых краінах дзейнічае на многіх узроўнях і адаптуе свае наратывы да розных сацыяльных групаў», – заявіла кіраўніца калектыву экспертаў пры Еўразвязу па барацьбе з расійскай дэзынфармацыяй Марціна Більдзюкевіч, удакладніўшы, што Крэмль спрабуе паўплываць на выбарчы працэс у Еўропе.
Экспертка таксама падкрэсліла, што расійская дэзынфармацыя – гэта сістэма СМІ, якая кантралюецца Масквой:
-Цэнтр усяго гэтага – сам Крэмль. Менавіта ён дае канкрэтныя загады сваім СМІ і асобным агентам уплыву. Фактычна гэта разгалінаваная сістэма, якая складаецца з сацыяльных сетак, розных каналаў і інтэрнэт-выданняў.
Але да яе таксама можна залічыць культурныя цэнтры як у Еўропе, так і на іншых кантынентах. Гэтыя структуры таксама выкарыстоўваюць тыя ж дэзынфармацыйныя наратывы.
Кіраўніца групы ЕЗ па барацьбе з расійскай дэзынфармацыяй удакладніла, што Крэмль спрабуе дэматываваць грамадзян ЕЗ адносна ўдзелу ў выбарах у Еўрапарламент. Паводле Марціны Більдзюкевіч, гэта можа быць асабліва небяспечным, бо канчатковая мэта Крамля – аслабленне інстытутаў улады ЕЗ і палярызацыя грамадства ў Еўропе.
З гэтай мэтай часта выкарыстоўваюцца бягучыя падзеі, а расійская дэзынфармацыя дае ім адпаведны наратыў для стварэння медыйнага хаосу.
iar/эж