Беларуская Служба

Чаму Эмануэль Макрон абвясціў датэрміновыя выбары ў парламент Францыі? Тлумачыць палітолаг

10.06.2024 10:05
Праз датэрміновыя выбары Макрон хоча не дапусціць падрыву легітымнасці цяперашняй улады.
Emmanuel Macron
Emmanuel MacronShutterstock/Asatur Yesayants

На выбарах у Еўрапарламент «прамакронаўскі» спіс атрымаў паразу, узяўшы ўдвая менш галасоў, чым праварадыкальнае «Нацыянальнае абʼяднанне». 31,4 працэнта галасоў за «Нацыянальнае абʼяднанне», 14,5 працэнта за цэнтрысцкую кааліцыю і 13,8 працэнта за сацыялістаў – такія вынікі тройкі лідэраў на ўчорашніх еўрапейскіх выбарах у Францыі.

Рэкордны вынік партыі Марын Ле Пэн дае нацыяналістам 30 месцаў. Кааліцыя прэзідэнта Макрона страчвае 10 еўрадэпутатаў, цяпер яна будзе мець 13 прадстаўнікоў у Еўрапарламенце.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон пасля правалу на выбарах абвясціў, што распускае Нацыянальны сход і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары на 30 чэрвеня і 7 ліпеня.

Абвяшчаючы датэрміновыя парламенцкія выбары, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон хоча перашкодзіць ультраправым, якія перамаглі на выбарах у Еўрапейскі парламент, паставіць пад сумнеў легітымнасць кіруючага лагера – заявіў французскі палітолаг Інстытута Жака Дэлора Лукас Мацэк (Lukas Macek).

На думку эксперта, рашэнне Макрона «відавочна зʼяўляецца сюрпрызам», але «пэўная логіка ў ім ёсць».

«У пэўным сэнсе гэта спосаб праясніць сітуацыю і не даць апазіцыі інтэрпрэтаваць выбары ў Еўрапарламент на бліжэйшыя тры гады як прычыну адсутнасці далейшай легітымнасці (прэзідэнта) Макрона і яго ўрада», – мяркуе эксперт.

У 2027 годзе ў Францыі адбудуцца прэзідэнцкія выбары, на якіх дзейны кіраўнік дзяржавы, які знаходзіцца ва ўладзе другі тэрмін, больш не будзе балатавацца ў якасці кандыдата.

Калі б не такі крок, то апазіцыя – у асноўным ультраправае «Нацыянальнае абʼяднанне» – магла б абвінаваціць урад у тым, што ён «прайграе, але ігнаруе галасы народа». Такім чынам, у пэўным сэнсе гэта «магчыма, эфектыўная ідэя легітымізацыі наступнага ўрада – якім бы ён ні быў», – сказаў Мацэк.

Адна з магчымасцяў цяпер такая, што вынікі парламенцкіх выбараў будуць аналагічныя мінулым, то бок у парламенце будуць партыі, якія не здольныя  супрацоўнічаць адна з адной. Макрон прызначыў першы тур выбараў на 30 чэрвеня, таму «вельмі складана прадбачыць, які будзе вынік выбараў, бо кампанія будзе вельмі кароткай», прызнае палітолаг.

PAP/вх