Французскі генерал Бертран Тужуз заявіў, што ЕС неабходна ўзмацніць ваенную мабільнасць, але, паводле яго, гэта няпростая задача. Калі Еўропа хоча стрымаць магчымую расійскую агрэсію, ёй трэба значна лепш спраўляцца з перамяшчэннем танкаў, войскаў і боепрыпасаў па ўсім кантыненце, сказаў высокапастаўлены французскі генерал выданню POLITICO.
У часе Халоднай вайны краіны прывыклі перакідваць ваенны рыштунак і тэхніку, цяпер жа з гэтым з'явіліся праблемы, сказаў корпусны генерал Бертран Тужуз, які адказвае за нядаўна створанае сухапутнае камандаванне французскай арміі ў Еўропе.
Паводле яго слоў, калі Расія нападзе на краіну НАТА, еўрапейскія і амерыканскія салдаты павінны будуць як мага хутчэй дабрацца да ўсходняга флангу альянса.
Аднак цяперашнія перашкоды для хуткага перамяшчэння складаюцца з працяглых адміністрацыйных працэдур для перавозкі ваеннай тэхнікі праз межы, неадпаведнай інфраструктуры, уключаючы масты і тунэлі, для перамяшчэння бронетэхнікі, а таксама недахопу транспартных магчымасцяў, напрыклад, чыгуначных вагонаў.
Французская армія балюча ўсвядоміла, наколькі складана перасекчы Еўропу вясной 2022 года, калі яна разгарнула батальён у Румыніі ў адказ на ўварванне Расіі ва Украіну.
«Мы ўбачылі маштаб адміністрацыйнай валакіты. Ва Украіне ідзе вайна, але мытнікі тлумачаць, што ў нас няма патрэбнага танажу на вось і што нашым танкам не дазволена перасякаць Германію. Гэта проста неверагодна», – згадвае Тужуз.
Акрамя адміністрацыйных праблем, салдаты забылі важныя навыкі, зазначыў Тужуз. Французская армія, якая правяла апошнія дзесяцігоддзі, змагаючыся ў Афганістане і ў Заходняй Афрыцы, не загружала ваенную амуніцыю и тэхніку ў цягнікі каля 20 гадоў, сказаў французскі генерал.
вс