Беларуская Служба

Колькасць антысеміцкіх інцыдэнтаў у Вялікабрытаніі вырасла ўдвая

08.08.2024 18:19
У першым паўгоддзі ў Вялікабрытаніі было зарэгістравана ў два разы больш антысеміцкіх інцыдэнтаў, чым за той жа перыяд 2023 года, і больш за палова з іх мелі непасрэднае дачыненне да Ізраіля або канфлікту на Блізкім Усходзе.
   GAZA,      .
Менора і надпіс "GAZA", нанесены на суседнюю сцяну ў Лондане.cst.org.uk

Габрэйская арганізацыя Community Security Trust (CST) са студзеня па чэрвень уключна атрымала паведамленні аб 1978 інцыдэнтах, што з'яўляецца самым высокім лікам за любое першае паўгоддзе з таго часу, як CST збірае дадзеныя.

За аналагічны перыяд мінулага года такіх фактаў было зарэгістравана 964, у тым ліку 121 факт нападу, 83 выпадкі знішчэння маёмасці або апаганьвання аб'ектаў, 142 выпадкі абразлівых паводзін і 14 выпадкаў, якія адносяцца да катэгорыі «іншыя». З гэтых чатырох асноўных катэгорый у працэнтных суадносінах больш за ўсё павялічылася колькасць пашкоджання маёмасці або апаганення аб'ектаў - з 24 выпадкаў у першым паўгоддзі 2023 года да 83 у першым паўгоддзі гэтага года, рост на 246%.

Крыху больш за палову ўсіх зарэгістраваных інцыдэнтаў - 1037 - адбыліся ў Лондане, з іх 411 у сталічным раёне Барнет, дзе пражывае самая вялікая група габрэяў у краіне. Далей ідуць раёны Манчэстэра (268 выпадкаў) і Заходні Ёркшыр — 115.

CST паведамляе, што 52 працэнты ўсіх зафіксаваных здарэнняў  былі наўпрост звязаныя з Ізраілем, палестынцамі або канфліктам у Сектары Газа, і хваля антысемітызму, якая распаўсюдзілася пасля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка мінулага года, не сціхае.

«Гэта прыкмета таго, што масавы рост антыгабрэйскіх настрояў, які мы назіралі ў канцы мінулага года пасля тэрарыстычнага нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка, не знік. Ён працягвае аказваць глыбокі ўплыў на габрэйскую супольнасць у гэтай краіне», — сказаў дырэктар CST Марк Гарднер.

Статыстыка, прадстаўленая CST, заснавана толькі на тых падзеях, пра якія паведамляецца, таму рэальная колькасць можа быць большай.

PAP/вх