Беларуская Служба

Суд у Канадзе адхіліў просьбу расійскага алігарха аб адмене санкцый

11.08.2024 16:03
Агульныя актывы Ігара Макарава ацэньваюцца прыкладна ў 2 мільярды канадскіх долараў.
Сцяг Канады jorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Федэральны суд Канады адхіліў просьбу расійскага алігарха Ігара Макарава аб адмене санкцый, накладзеных на яго ў Канадзе, паведамляюць тамтэйшыя СМІ. Канадскія актывы Макарава былі замарожаныя ў 2022 годзе.

Суд пастанавіў, што міністр замежных спраў Мелані Жолі, якая абвясціла аб санкцыях супраць расійскага нафтавага магната, мела поўнае права вызначаць, каго ўключыць у санкцыйны спіс. Яе рашэнне было «абгрунтаваным, празрыстым і зразумелым», - гаворыцца ў пастанове суда.

Ігар Макараў - былы расійскі прафесійны веласіпедыст і нафтагазавы брокер. У цяперашні час мае грамадзянства Кіпра і Малдовы і адмовіўся ад расійскага, але санкцыі Канады распаўсюджваюцца і на былых грамадзян Расіі.

У пазове Макараў сцвярджаў, што не мае сувязі ні з расійскімі алігархамі, ні з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Аднак суд падзяліў меркаванне ўрада Канады аб сувязях Макарава з Расіяй.  У дакументах федэральны ўрад назваў Макарава «акружаным пуцінскімі паплечнікамі», паведамляюць СМІ.

Агульныя актывы Макарава ацэньваюцца прыкладна ў 2 мільярды канадскіх долараў. Ён, сярод іншага, разбагацеў, дзякуючы пасярэдніцтву ў бізнесе паміж Туркменістанам і расійскімі кампаніямі.



З 2014 года і расійскай анексіі Крыма Канада ўвяла санкцыі супраць 1 500 чалавек з расійскім грамадзянствам і 646 арганізацый. Згодна з апошняй заявай федэральнай паліцыі, па стане на сярэдзіну траўня бягучага года, у Канадзе былі замарожаныя расійскія актывы на суму больш за 140 мільёнаў канадскіх долараў, заблакаваныя фінансавыя аперацыі на суму больш за 317 мільёнаў канадскіх долараў.

PAP/аз

Вялікабрытанія абвясціла аб новых санкцыях супраць Беларусі

09.08.2024 18:06
Лондан зрабіў гэта ў чацвёртую гадавіну фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў Аляксандрам Лукашэнкам за парушэнне правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў.