Украінскія вайскоўцы ў ноч з панядзелка на аўторак збілі 30 з 38 беспілотнікаў «Шахед-131/136», якія расійскія войскі выкарыстоўвалі для атакі на Украіну, паведаміў у аўторак камандуючы ВПС генерал Мікалай Алешчук. Расіяне атакавалі крытычную інфраструктуру ў горадзе Сумы.
«Праціўнік нанёс удар двума балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» (КН-23) з Варонежскай вобласці і 38 беспілотнымі ўдарнымі дронамі «Шахед» з Прыморска-Ахтарскага раёна і Курскай вобласці Расіі», — паведаміў Алешчук у Telegram.
«(...) мабільнымі стралковымі групамі УС Украіны, авіяцыі, зенітных ракетных падраздзяленняў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ВПС збітыя 30 беспілотнікаў праціўніка», — напісаў ён.
Камандзір дадаў, што беспілотнікі «Шахед» былі збітыя ў Мікалаеўскай, Вінніцкай, Сумскай, Кіраваградскай, Херсонскай, Чарнігаўскай, Днепрапятроўскай і Чаркаскай абласцях. Ён не паведаміў, ці былі збітыя «Іскандэр-М».
Вайсковая адміністрацыя Сумскай вобласці на паўночным усходзе Украіны заявіла, што расіяне атакавалі крытычную інфраструктуру ў сталіцы рэгіёну Сумах. «Сёння, 13 жніўня, праціўнік нанёс ракетны і авіяцыйны ўдар па аб'ектах інфраструктуры горада Сумы. На месцы працуюць усе неабходныя службы. Вядуцца аварыйна-рамонтныя работы», - гаворыцца ў паведамленні.
Улады заявілі, што наступствы нападу расследуюцца.
ПР/юл