Беларуская Служба

Ва Украіне быў ліквідаваны кол-цэнтр, які дзейнічаў на шкоду грамадзянам Польшчы (ВІДЭА)

12.09.2024 13:01
Яго супрацоўнікі прапанавалі кліентам прыбытковыя інвестыцыі на фінансавых рынках, у тым ліку ў крыптавалютах.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Pexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ва Украіне быў ліквідаваны офіс кол-цэнтра, звязаны з асяроддзем нелегальных інвестыцыйных платформаў, якія дзейнічалі на шкоду грамадзянам Польшчы. Пра гэта паведаміла Цэнтральнае ўпраўленне па барацьбе з кіберзлачыннасцю ў Польшчы.



На месцы акцыю правяло Бюро эканамічнай бяспекі Украіны. Ёй папярэднічалі сумесныя дзеянні Абласной пракуратуры ў Жэшаве і Цэнтральнага бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю з Жэшава.

Як паведамляе Цэнтральнае ўпраўленне па барацьбе з кіберзлачыннасцю, супрацоўнікі нелегальных інвестыцыйных платформаў прапанавалі прывабныя магчымасцi хуткага і выгаднага ўкладання сродкаў на фінансавых рынках, у тым ліку ў крыптавалютах.



«Расследаванне гэтай справы распачата па заяве аднаго з пацярпелых, які пад выглядам легальных і вельмі прывабных інвестыцый, у тым ліку ў крыптавалютах, страціў значную суму грошай», - гаворыцца ў паведамленні Цэнтральнага ўпраўлення па барацьбе з кіберзлачыннасцю.

Украінскія праваахоўнікі пацвердзілі ранейшыя высновы расследавання польскіх функцыянераў, якія на падставе прадстаўленых матэрыялаў правялі восем ператрусаў у Кіеве, Адэсе і Харкаве.

У выніку ператрусаў супрацоўнікі Бюро эканамічнай бяспекі Украіны ліквідавалі ў Харкаўскай вобласці офіс кол-цэнтра, дзе знаходзіўся 21 чалавек. Іх асабістыя дадзеныя былі ўстаноўлены, а серверы, тэлефоны, камп’ютары і дакументацыя арыштаваныя.

Следства па справе праводзіць Абласная пракуратура ў Жэшаве.

IAR/аз