У чацвер, 26 верасня Папа Францішак здзяйсняе візіт у Люксембург і Бельгію. У прамове перад уладамі і грамадзянскай супольнасцю ў гарадскім цэнтры Серкле-Сітэ ў Люксембургу пантыфік адзначыў, што багацце абавязвае клапаціцца пра самых слабых, асабліва пра мігрантаў.
Папа Рымскі сустрэўся з вялікім герцагам Люксембурга Генрыхам і прэм’ер-міністрам Люкам Фрыдэнам. У сваёй прамове Францішак падкрэсліў, што Люксембург, палова жыхароў якога нарадзілася па-за межамі краіны, з’яўляецца выдатным прыкладам пераваг міру, супрацоўніцтва і інтэграцыі мігрантаў:
«Развіццё, каб быць сапраўдным і цэласным, не павінна спусташаць і дэградаваць наш агульны дом і не павінна пакідаць народы і сацыяльныя групы на ўзбочыне».
Францішак таксама адзначыў, што дапамога бедным краінам – гэта спосаб паменшыць колькасць людзей, вымушаных эміграваць, выказаўшы заклапочанасць у сувязі з аднаўленнем падзелаў і варожасці ў Еўропе, назваўшы гэтую з'яву «небяспечным склерозам».
«Сілай аднаўлення жыцця, асабістага і грамадскага, з’яўляецца Евангелле», - перакананы пантыфік.
iar/эж