Беларуская Служба

Сілы бяспекі новых уладаў Сірыі забілі больш за 340 мірных жыхароў

08.03.2025 15:41
З чацвярга сілы бяспекі новых уладаў Сірыі забілі больш за 340 мірных жыхароў, пераважная большасць з якіх — алавіты, паведаміў у суботу Сірыйскі цэнтр маніторынгу правоў чалавека (SOHR).
         .
Сірыйскія вайскоўцы мабілізаваны пасля нападу прыхільнікаў Асада на сілы бяспекі.EPA/BILAL AL HAMMOUD/PAP

Баевікі, якія падтрымліваюць новы ўрад Сірыі, напалі на некалькі вёсак паблізу ўзбярэжжа краіны ў адказ на нядаўнія напады прыхільнікаў зрынутага прэзідэнта Башара Асада на сілы бяспекі. Гэтыя сутыкненні сталі самай сур'ёзнай праявай гвалту пасля звяржэння папярэдняга рэжыму ў пачатку снежня мінулага года.

Сірыйскія дзяржаўныя СМІ са спасылкай на крыніцу ў міністэрстве ўнутраных спраў заявілі, што падчас урадавай аперацыі па падаўленні груповак, якія падтрымліваюць Асада, мелі месца «асобныя злоўжыванні». Там дадалі, што вядзецца праца па ліквідацыі гэтых «інцыдэнтаў».

Па дадзеных SOHR, у сутыкненнях загінулі больш за 200 байцоў, звязаных з дзеючымі ўладамі краіны.

Часовы прэзідэнт Сірыі Ахмед аш-Шара заклікаў узброеныя групоўкі, звязаныя з папярэднім урадам, здаць зброю, а тых, хто лаяльны новаму ўраду, заклікаў пазбягаць нападаў на мірных жыхароў і жорсткага абыходжання з палоннымі.

Прыбярэжныя гарады Тартус і Латакія па-ранейшаму знаходзяцца пад кантролем прыхільнікаў Асада, паведамляе Associated Press. Алавіты, якія жывуць у гэтых раёнах, на працягу многіх гадоў складалі базу падтрымкі Башара Асада і яго бацькі Хафіза Асада, які кіраваў Сірыяй да яго. Клан Асада паходзіць з гэтай рэлігійнай групы, і яго члены склалі касцяк іх урада і апарата бяспекі.

Восенню 2024 года кааліцыя паўстанцаў на чале з ісламісцкай групоўкай Хаят Тахрыр аш-Шам (HTS) пачала маланкавы наступ і захапіла сталіцу Дамаск. Асад уцёк у Расію, дзе атрымаў прытулак.

Групоўка HTS у мінулым асацыявалася з Аль-Каідай. Аднак новыя сірыйскія ўлады спрабуюць падтрымліваць дружалюбныя кантакты з Захадам і заяўляюць, што адмовіліся ад джыхадзісцкай ідэалогіі, паважаюць правы меншасцяў і не жадаюць канфліктаў з суседзямі.

PAP/вх