Беларуская Служба

Славацкая апазіцыя востра крытыкуе візіт прэм'ер-міністра краіны ў Маскву на парад 

09.05.2025 15:40
Гэта другі візіт прэм'ер-міністра Славакіі ў Маскву менш чым за паўгода. 
-    (   )  .
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца (першы з правага боку) у Маскве.Фота: PAP/EPA/YURI KOCHETKOV

«Гэта ганьба для Славакіі і аплявуха яе саюзнікам» — так славацкая апазіцыя пракаментавала візіт прэм'ер-міністра Роберта Фіца ў Маскву. Кіраўнік урада прыняў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Перамогі ў Расіі. Разам з Уладзімірам Пуціным ён усклаў кветкі да помніка загінуўшым салдатам Чырвонай Арміі.

Лідар апазіцыйнай партыі «Прагрэсіўная Славакія» Міхал Шымечка (Michal Šimečka) назваў паездку прэм'ер-міністра «адным з самых кампраметуючых момантаў у гісторыі славацкай знешняй палітыкі» і «здрадай нацыянальным інтарэсам». Незразумела, ці назіраў Роберт Фіца за парадам на Чырвонай плошчы з трыбуны. Аднак, паводле слоў Шымечкі, гэта не мае значэння, бо прэм'ер-міністр увесь дзень служыў фонам для расійскай прапаганды.

«Роберт Фіца не прадстаўляе ўсёй нацыі ў Маскве. Гісторыя запомніць, хто стаў на бок агрэсара, а хто захаваў свой гонар», — каментуе сітуацыю старшыня партыі «Свабода і салідарнасць» Браніслаў Гролінг (Branislav Gröhling). Ён дадаў, што для Славакіі было б лепш, калі б прэм'ер-міністр застаўся ў Маскве. «Гэта было б найвялікшай паслугай народу», — сказаў апазіцыйны палітык, які лічыць дзеянні прэм'ер-міністра дзяржаўнай здрадай.

Былы міністр замежных спраў Іван Карчок (Ivan Korčok) раскрытыкаваў адсутнасць кіраўніка славацкай дыпламатыі ў Львове, дзе сустракаліся прадстаўнікі краін Еўрапейскага Саюза. Кіраўнік знешняй палітыкі ЕС Кая Калас заявіла, што, сустракаючыся з Пуціным, Фіца «стаіць па няправільным баку гісторыі».

Гэта другі візіт прэм'ер-міністра Славакіі ў Маскву менш чым за паўгода. Сёння ўвечары ў Браціславе запланаваны чарговы пратэст супраць прарасійскай палітыкі ўрада.

IAR/нг