У Чэшскую Рэспубліку прыбыла першая партыя ядзернага паліва ад новага пастаўшчыка — амерыканскай кампаніі Westinghouse. Кампанія паставіла 30 цеплавыдзяляльных зборак для атамнай электрастанцыі «Тэмэлін», якія будуць устаноўлены ў рэактар у наступным годзе.
Сёлета Westinghouse таксама павінна паставіць дзясяткі дадатковых зборак для АЭС «Дукаваны». Як паведаміў старшыня праўлення чэшскай энергетычнай кампаніі ČEZ Даніэл Бенеш, з наступнага года пастаўкі паліва ў Чэхію пачне і французская кампанія Framatome. Westinghouse і Framatome замянілі ранейшага пастаўшчыка — расійскую кампанію «ТВЭЛ».
«Гэта крок, які значна павышае энергетычную бяспеку Чэшскай Рэспублікі. Акрамя дыверсіфікацыі пастаўшчыкоў ядзернага паліва, мы таксама падтрымліваем стратэгічныя запасы на абедзвюх нашых атамных электрастанцыях», — адзначыў Даніэл Бенеш.
radio.cz/эж