Прычынай з'яўляецца «павышаная рызыка для бяспекі ў рэгіёне». Згоду на выезд атрымалі таксама «члены сем'яў вайскоўцаў з некаторых месцаў на Блізкім Усходзе».
— Дзяржаўны дэпартамент рэгулярна праводзіць агляд амерыканскага персаналу за мяжой, і гэтае рашэнне было прынята ў выніку нядаўняга агляду, — сказала агенцтву прэс-сакратар Белага дома Ганна Кэлі. Іншы прадстаўнік Белага дома паведаміў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ведаў пра гэты крок.
Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў паведаміў агенцтву Reuters, што міністр абароны ЗША Піт Хэгсэт пацвердзіў добраахвотны выезд членаў вайсковых сем'яў з розных месцаў на Блізкім Усходзе. Чыноўнік падкрэсліў, што бяспека амерыканцаў на службе і членаў іх сем'яў застаецца найвышэйшым прыярытэтам, а Цэнтральнае камандаванне ЗША назірае «нарастаючую напружанасць на Блізкім Усходзе». Іншы суразмоўца паведаміў, што большасць членаў сем'яў знаходзіцца ў Бахрэйне.
Трамп неаднаразова пагражаў атакаваць Іран
Reuters адзначыў, што прэзідэнт ЗША неаднаразова пагражаў атакаваць Іран, калі перамовы па іранскай ядзернай праграме скончацца правалам. У сераду ён прызнаў, што больш не ўпэўнены, ці зможа пераканаць Тэгеран спыніць сваю праграму ўзбагачэння ўрану. Міністр абароны Ірана Азіз Насірзадэ заявіў, што ў выпадку канфлікту з ЗША іранскія сілы нанясуць удар па амерыканскіх ваенных базах у рэгіёне Блізкага Усходу.
— Калі перамовы паміж ЗША і Іранам аб заключэнні ядзернага пагаднення скончацца правалам, і мы будзем вымушаныя да канфрантацыі, мы нанясем удар, — сказаў Насірзадэ.
Прадстаўнік іракскага Міністэрства замежных спраў пацвердзіў «частковую эвакуацыю» персаналу амбасады ЗША з-за «патэнцыйных асцярог наконт бяспекі, звязаных з магчымай рэгіянальнай напружанасцю». Злучаныя Штаты маюць ваенную прысутнасць у Іраку, Кувейце, Катары, Бахрэйне і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.
PAP/вх