Беларуская Служба

ХАМАС хоча перамоваў з Ізраілем! Мэта – спыніць вайну ў Сектары Газа

08.09.2025 10:20
Кіраўніцтва арганізацыі падкрэсліла, што вітае ўсе ініцыятывы, накіраваныя на спыненне баявых дзеянняў у анклаве.
Палестынцы ўцякаюць перад авіяўдарам Ізраіля па горадзе ГазаPAP/EPA/MOHAMMED SABER

Палестынскі ХАМАС абвясціў у нядзелю, што гатовы неадкладна пачаць перамовы аб вызваленні ўсіх закладнікаў у абмен на: спыненне вайны, вывад ізраільскіх войскаў з Сектара Газа і стварэнне незалежнага палестынскага ўрада.

Кіраўніцтва ХАМАС – арганізацыі, прызнанай тэрарыстычнай, сярод іншых, Еўрапейскім Саюзам і ЗША – таксама пацвердзіла, што Вашынгтон праз пасярэднікаў «пераказаў сваё бачанне спынення агню» ў Газе i падкрэсліла, што вітае ўсе ініцыятывы, накіраваныя на спыненне баявых дзеянняў у анклаве.

У нядзелю прэзідэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social: «Ізраіль прыняў мае ўмовы. Настаў час, каб ХАМАС таксама іх прыняў».

«Я папярэдзіў ХАМАС аб наступствах іх непрыняцця. Гэта маё апошняе папярэджанне, больш не будзе!» – дадаў амерыканскі лідар.

Амаль двухгадовая вайна ў Сектары Газа, паводле палестынскага боку, каштавала жыцці больш за 64 000 палестынцаў, пераважна мірных жыхароў. Праваабарончыя арганізацыі лічаць, гэтую лічбу недаацэненай.

Ізраільская аперацыя – гэта помста за напад баевікоў ХАМАС у пачатку кастрычніка 2023 года, у выніку якога загінула каля 1 200 чалавек і больш за 250 былі ўзятыя ў палон.

PAP/аз