Беларуская Служба

Прэзідэнт Літвы: Еўропа не павінна нармалізаваць адносіны з Расіяй без спынення агрэсіі ва Украіне

01.06.2026 15:18
Гітанас Наўседа падкрэсліў, што адсутнасць выразных межаў і надзейнага стрымлівання можа толькі падбадзёрыць Маскву. 
             26II
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падчас вучэнняў «Адважны Грыфон 26/II»Reuters

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа лічыць, што Еўропа не павінна вяртацца да нармальных адносін з Расіяй, пакуль не будзе спынена вайна ва Украіне. Літоўскі лідар заявіў пра гэта падчас адкрыцця пленарнага пасяджэння Парламенцкай асамблеі НАТА, якое праходзіць у Вільні.

Прэзідэнт Гітанас Наўседа падкрэсліў, што адсутнасць выразных умоў і надзейнага стрымлівання можа толькі падбадзёрыць Маскву. Словы літоўскага лідара прагучалі ў той час, калі ў некаторых еўрапейскіх сталіцах вядуцца дыскусіі аб магчымых перамовах з Расіяй адносна спынення вайны ва Украіне.

— Паўторныя заклікі да аднаўлення адносін з Масквой не адпавядаюць патрэбам Еўропы ў бяспецы, — сказаў Наўседа.

Літоўскі лідар таксама выказаў надзею, што адным з найважнейшых вынікаў будучага саміту НАТА ў Анкары стане прыняцце новага плана развіцця інтэграванай сістэмы супрацьпаветранай абароны Альянсу.

— Нядаўнія інцыдэнты, звязаныя з парушэннямі паветранай прасторы НАТА, дэманструюць неабходнасць павелічэння інвестыцый у супрацьпаветраную абарону. Неабходная таксама больш моцная прысутнасць НАТА ў паветранай прасторы краін Балтыі і ўсяго ўсходняга флангу, — сказаў Гітанас Наўседа.

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі НАТА Маркас Перэстрэла падкрэсліў, што гэтыя інцыдэнты зʼяўляюцца прамым вынікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны.

— Незалежна ад таго, ці былі яны выкліканы наўмыснымі парушэннямі, безадказнай ваеннай дзейнасцю паблізу межаў саюзнікаў ці пабочным эфектам дзеянняў Расіі, Расія нясе за іх адказнасць, — цвёрда падкрэсліў ён.

У ходзе сесіі Парламенцкай асамблеі НАТА ў Вільні вялікая ўвага была таксама нададзена важнасці трансатлантычных сувязяў. Прэмʼер-міністр Літвы Інга Ругінене і спікер Сейма Юозас Алекас падкрэслілі, што Еўропа павінна ўмацоўваць свой уласны абарончы патэнцыял, застаючыся пры гэтым моцным партнёрам Злучаных Штатаў у рамках НАТА.

ПР/юл