У панядзелак, 5 чэрвеня, у порце Канстанцы на румынскім узбярэжжы Чорнага мора адбыўся выбух марскога дрона. Прылада была выяўлена каля штаб-кватэры Румынскага агенцтва выратавання людзей на моры (ARSVOM). За некалькі хвілін да дэтанацыі ўлады паспелі эвакуяваць тэрыторыю, таму пацярпелых няма.
Міністэрства абароны Румыніі паведаміла, што гаворка ідзе пра марскі дрон тыпу, які выкарыстоўваецца ў вайне ва Украіне. Пры гэтым у ведамстве падкрэслілі, што апарат не належыць румынскай арміі і не быў звязаны з нядаўнімі ваеннымі вучэннямі ў Чорным моры.
Пасля інцыдэнту ў порце быў уведзены найвышэйшы, трэці ўзровень бяспекі. Уезд на тэрыторыю Паўночнага і Паўднёвага портаў Канстанцы часова спынілі, доступ дазволены толькі для выезду транспарту, які ўжо знаходзіўся ў порце.
Гэта ўжо другі сур’ёзны інцыдэнт у Румыніі за апошні тыдзень. 29 траўня расійскі дрон урэзаўся ў жылы дом у Галацы каля мяжы з Украінай, у выніку чаго былі параненыя жанчына і дзіця. Пасля гэтага Бухарэст узмацніў дыпламатычны ціск на Маскву і закрыў генеральнае консульства Расіі ў Канстанцы.
эж