Уплыў Расіі на парламенцкія выбары ў Арменіі быў заўважальны, але не прывёў да парушэнняў падчас галасавання, лічыць аналітык польскага ўрадавага Цэнтру ўсходніх даследаванняў Войцех Гурэцкі, які цяпер знаходзіцца ў Ерэване.
Перамогу на выбарах атрымала праеўрапейская партыя прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, набраўшы амаль 50% галасоў. У першай заяве пасля перамогі Пашынян абазначыў асноўныя напрамкі знешняй палітыкі краіны.
У інтэрвʼю Польскаму радыё Войцех Гурэцкі звярнуў увагу на тое, што аднак прэмʼер-міністр Арменіі не мае намеру цалкам разрываць супрацоўніцтва з Расіяй.
— Пашынян заявіў, што курс на збліжэнне з Захадам будзе захаваны. Пры гэтым ён таксама падкрэсліў, што Арменія не збіраецца выходзіць з постсавецкіх інтэграцыйных структур, найперш з Еўразійскага эканамічнага саюза. Што тычыцца Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы — свайго роду постсавецкага НАТА, калі выкарыстоўваць гэтае параўнанне з вялікай доляй умоўнасці, — то Арменія сёння не праяўляе ў ёй актыўнасці, але і пакідаць арганізацыю не мае намеру.
Аналітык таксама звяртае ўвагу на тое, што Ерэван вымушаны браць пад увагу геапалітычныя і эканамічныя рэаліі.
— У Арменіі няма агульнай мяжы з Расіяй, аднак існуюць сурʼёзныя фактары залежнасці: Армянская чыгунка належыць РЖД, на паўночным захадзе Арменіі размешчаная расійская вайсковая база. З гэтым армянскія ўлады вымушаныя лічыцца. Пашынян быў бы варʼятам, а ён такім не зʼяўляецца, калі б вырашыў уступіць у прамую канфрантацыю з Расіяй або рэзка змяніць знешнепалітычны курс, — адзначыў Войцех Гурэцкі.
Эксперт дадаў, што, нягледзячы на ціск і пагрозы з боку Расіі, Пашынян карыстаецца значнай падтрымкай Захаду, у тым ліку ЗША. Высокі вынік на выбарах дазволіць яму сфармаваць аднапартыйны ўрад.
Нікола Пашынян займае пасаду прэмʼер-міністра Арменіі з 2018 года. Пасля перамогі на выбарах, якія адбыліся ў нядзелю, 7 чэрвеня, ён стане рэкардсменам па працягласці тэрміну знаходжання на пасадзе кіраўніка ўрада ў гісторыі незалежнай Арменіі.
вс