Адміністрацыя Дональда Трампа разглядае магчымасць адмены санкцый супраць Расійскага фонду прамых інвестыцый, які кантралюецца Крамлём. Пра гэта паведамляе амерыканская газета «The New York Times».
Фондам кіруе Кірыл Дзмітрыеў — блізкі паплечнік Уладзіміра Пуціна, які пераконвае амерыканскага прэзідэнта развіваць эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй.
Паводле выдання, Белы дом аналізуе расійскі запыт аб выключэнні фонду з санкцыйнага спісу. Амерыканскія чыноўнікі тлумачаць гэта імкненнем палепшыць адносіны з Масквой дзеля завяршэння вайны ва Украіне.
Расійскі бок дамагаецца адмены абмежаванняў у тым ліку падчас перамоваў аб пастаўках расійскага дызельнага паліва ў Злучаныя Штаты. Фонд прапанаваў выступіць пасярэднікам пры правядзенні плацяжоў за паліва.
Расійскі фонд прамых інвестыцый быў створаны ў 2011 годзе па ініцыятыве Дзмітрыя Мядзведзева і Уладзіміра Пуціна. Адміністрацыя Джо Байдэна ўвяла супраць яго санкцыі праз чатыры дні пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.
Сёння Кірыл Дзмітрыеў з'яўляецца галоўным расійскім суразмоўцам амерыканскіх прадстаўнікоў Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера.
Як адзначае «The New York Times», магчымая адмена санкцый стане чарговай саступкай адміністрацыі Трампа Маскве. У апошнія тыдні амерыканскі прэзідэнт прыняў рашэнне аб закупцы расійскага дызельнага паліва і прыпыніў увядзенне новых санкцый, ухваленых Кангрэсам.
IAR/яс