Міжнародная кааліцыя з 46 арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» і фонд «Дом правоў чалавека», выступіла супраць магчымага старшынства Азербайджана ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у 2027 годзе. Падпісанты заклікалі дзяржавы-ўдзельніцы адхіліць адпаведную заяўку Баку.
Нагодай для звароту сталі нядаўнія абмеркаванні кандыдатуры Азербайджана ў Пастаяннай радзе АБСЕ, у тым ліку на пасяджэнні 19 лістапада. На думку праваабаронцаў, перадача кіраўніцтва арганізацыяй аўтарытарнаму ўраду падарве яе легітымнасць і аўтарытэт, паколькі ў аснове дзейнасці АБСЕ ляжыць абарона правоў чалавека.
Падпісанты звяртаюць увагу на маштабныя рэпрэсіі і вялікую колькасць палітвязняў. З 2013 года ўлады Азербайджана сістэмна пераследуюць незалежныя СМІ, НДА, адвакатаў і актывістаў, а з канца 2023 года ціск яшчэ больш узмацніўся. Паводле звестак азербайджанскіх праваабаронцаў, у краіне налічваецца больш за 300 палітычных зняволеных.
Аўтары звароту адзначаюць, што аўтарытарныя рэжымы, у тым ліку Баку, пагражаюць еўрапейскай бяспецы праз дэзінфармацыю, карупцыю, палітычнае ўмяшанне і пераслед апанентаў за мяжой.
Наступны аргумент тычыцца заканадаўства Азербайджана аб выбарах, партыях і медыя, якое не адпавядае стандартам АБСЕ і Рады Еўропы, на што неаднаразова звярталі ўвагу БДІПЧ АБСЕ, Венецыянская камісія і Камітэт ААН супраць катаванняў. Акрамя таго, краіна мае адзін з самых высокіх паказчыкаў невыканання рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека.
У заяве таксама нагадваецца пра нядаўнія крытычныя ацэнкі з боку еўрапейскіх інстытутаў. У чэрвені 2026 года Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) канстатавала сістэмнае задушэнне іншадумства ў краіне, а ў кастрычніку Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з асуджэннем злоўжывання законамі аб нацбяспецы і запатрабаваў вызваліць палітвязняў, у тым ліку праваабаронцу Анара Мамедлі, затрыманага пасля супрацоўніцтва з АБСЕ.
— Урад Азербайджана не з'яўляецца надзейным партнёрам у галіне бяспекі, экалогіі або правоў чалавека і не пасуе для старшынства ў гэтай арганізацыі, — падкрэсліваецца ў звароце.
Вясна/ав