Беларуская Служба

Туркі ды амерыканцы пачалі сумеснае патруляванне ў Сірыі

08.09.2019 16:15
ЗША ды Турэччына стварылі зону бяспекі ў паўночна-ўсходняй частцы краіны.
Амерыканскія і турэцкія жаўнеры на сумесным патрулі ў ТурцыіEPA/TURKISH DEFENCE MINISTRY HANDOUT Dostawca: PAP/EPA.

Турэцкія і амерыканскія салдаты пачалі сумеснае патруляванне ў зоне бяспекі на паўночным усходзе Сірыі.

Паводле агенцтва AFP, шэсць турэцкіх бронемашын пераехалі сірыйскую мяжу, дзе далучыліся да ўзброеных сілаў ЗША.

Зона бяспекі была створана амерыканска-турэцкім пагадненнем, заключаным 7 жніўня. Дамоўленасць прадугледжвае, што зона бяспекі ахопіць сірыйскую тэрыторыю паміж турэцкай мяжой і ракой Еўфрат. Раёны на ўсход ад яе кантралююцца сіламі курдскай арганізацыі YPG.

Зона бяспекі павінна стаць «гуманітарным калідорам», дзякуючы якому сірыйскія ўцекачы, якія знаходзяцца ў Турцыі, змогуць вярнуцца ў сваю краіну.

Амерыканска-турэцкае пагадненне прадугледжвае таксама стварэнне сумеснага аператыўнага цэнтру па кантролі над сітуацыяй у зоне.

Грамадзянская вайна ў Сірыі цягнецца ўжо восем гадоў. У выніку вайны загінула амаль паўмільёна чалавек, а 12 мільёнам давялося пакінуць свае дамы.

ПР/юл