Беларуская Служба

Памёр Уладзімір Букоўскі, савецкі дысідэнт, які 12 гадоў правёў у лагерах

28.10.2019 13:18
Гэта ён расказаў свету пра практыку ўтрымлівання праціўнікаў камуністычнага рэжыму ў псіхіятрычных бальніцах.
Władimir Bukowski
Władimir BukowskiEAST NEWS/JACEK RENARD

Памёр Уладзімір Букоўскі – савецкі дысідэнт, пісьменнік, праваабаронца, праціўнік Савецкага Саюзу і Уладзіміра Пуціна. Ён памёр ва ўзросце 76 гадоў у Кембрыджы.

Уладзімір Букоўскі правёў 12 гадоў у савецкіх лагерах і псіхіятрычных шпіталях. Гэта ён расказаў свету пра практыку ўтрымлівання праціўнікаў камуністычнага рэжыму ў псіхіятрычных бальніцах. У 1971 годзе ён здолеў выслаць на Захад медычную дакументацыю, якая даказала, што лекары фальсіфікуюць дыягназы, каб пераследаваць дысідэнтаў.

У 1976 годзе ён трапіў на Захад. Масква пагадзілася яго выпусціць узамен за вызваленне першага сакратара Камуністычнай партыі Чылі.

Уладзімір Букоўскі пасяліўся ў Кембрыджы ў Вялікабрытаніі, дзе пісаў, збіраў архіўныя дакументы на тэму савецкіх злачынстваў і даваў інтэрв'ю. Да канца жыцця ён заставаўся моцным крытыкам Уладзіміра Пуціна і яго палітыкі. Ён таксама крытыкаваў Еўразвяз і параўноўваў яго да Савецкага Саюзу.

Тры гады таму брытанская пракуратура абвінаваціла Букоўскага ў выкарыстоўванні дзіцячай парнаграфіі. Працэс быў спынены па прычыне кепскага стану здароўя Букоўскага. Ён сам абвяргаў абвінавачанні і гаварыў, што гэта правакацыя Крамля.

ав