Беларуская Служба

У Абхазіі патрабуюць неадкладна абвясціць дату новых выбараў

12.01.2020 10:26
«Нашы патрабаванні не змяніліся. Рауль Хаджымба павінен скласці паўнамоцтвы, пасля чаго мы сыйдзем з гэтага будынка».
Flagi Abchazji przed gmachem w którym mieści się Gabinet Ministrów
Flagi Abchazji przed gmachem w którym mieści się Gabinet MinistrówShutterstock.com/Zhukov Oleg

Апазіцыянеры ў самаабвешчанай Рэспубліцы Абхазія патрабуюць неадкладна прызначыць дату паўторных выбараў прэзідэнта і папярэджваюць, што не вызваляць захоплены імі будынак адміністрацыі прэзідэнта ў Сухумі да таго часу, пакуль дзейны кіраўнік рэгіёну Рауль Хаджымба не складзе паўнамоцтвы.

«Нашы патрабаванні не змяніліся. Рауль Хаджымба павінен скласці паўнамоцтвы, пасля чаго мы сыйдзем з гэтага будынка», – заявіў адзін з арганізатараў акцый па захопу комплексу урадавых будынкаў у Сухумі Ахра Авідзба ў нядзелю, 12 студзеня.

Ён таксама падкрэсліў, што ЦВК павінен абвясціць дату паўторных прэзідэнцкіх выбараў ужо ў нядзелю, папярэдзіўшы, што іншых умоў актывісты апазіцыі не прымуць ні пры якіх абставінах. Напярэдадні ўвечары з патрабаваннем да ЦВК неадкладна прызначыць дату новых выбараў ужо звярнуліся цэлы шэраг палітычных партый і грамадскіх арганізацый Абхазіі.

«Вярхоўны суд прызнаў, што Рауль Хаджымба не з'яўляецца абраным кіраўніком дзяржавы і абавязаў Цэнтральную выбарчую камісію прызначыць паўторныя выбары прэзідэнта рэспублікі. Лічым, што ЦВК абавязаны неадкладна прызначыць дату выбараў прэзідэнта Абхазіі. Любое зацягванне вырашэння пытання можа прывесці да непрадказальных наступстваў», – гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў апазіцыі і грамадскіх арганізацый, якое, у ліку іншых, падпісалі кіраўнікі апазіцыйных партый «Амцахара», (Радавыя агні) «Айтайра» (Во нараджэнне), «Адзіная Абхазія», «Народны фронт Абхазіі» і грамадскіх арганізацый «Апсадгьыл», (Радзіма), «Наш дом – Абхазія», «Жанчыны ў палітыцы».

«З рашэння суда вынікае, што і ўся выканаўчая ўлада, прызначаная Раулем Хаджымбай, зʼяўляецца нелегітымнай. У мэтах недапушчэння яшчэ большай эскалацыі абстаноўкі ў краіне, палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі рэспублікі патрабуюць ад дэпутатаў Народнага сходу Абхазіі, кіруючыся рашэннем суда, прыняць экстранныя і вычарпальныя меры па ліквідацыі прававога вакууму ўлады », – падкрэсліваецца ў заяве.

10 студзеня Касацыйная калегія ВС Абхазіі прызнала незаконным рашэнне ЦВК аб перамозе Хаджымбы ў другім туры выбараў, якія прайшлі ўвосень. Калегія таксама адмяніла рашэнне суда першай інстанцыі, які пакінуў у сіле вынікі выбараў. 11 студзеня старшыня ЦВК Абхазіі Тамаз Гогія паведаміў, што дата новых выбараў будзе абʼяўлена на працягу пяці дзён. Гэта, аднак, не задаволіла апазіцыю.

«Ад ЦВК людзі чакаюць прыняцця законнага рашэння аб прызначэнні даты новых выбараў прэзідэнта. Гэта ўваходзіць у круг абавязкаў камісіі. Мы чакаем, што ЦВК прыме рашэнне аб прызначэнні даты выбараў сёння», – сказаў лідар апазіцыі Абхазіі Аслан Бжанія журналістам у нядзелю, 12 студзеня.

паводле dw.com/эж