Беларуская Служба

Краіны Еўропы зачыняюць установы адукацыі на каранцін

11.03.2020 07:38
У Польшчы забароненыя масавыя мерапрыемствы, ва ўніверсітэтах часткова адмененыя заняткі і ўведзены дадатковы медычны кантроль на межах з Нямеччынай і Чэхіяй, Украінай, Беларуссю і Літвой.
.
.PAP/EPA/SALVATORE DI NOLFI

Чэшскія ўлады абвясцілі ў аўторак, 10 сакавіка, аб адмене заняткаў ва ўсіх навучальных установах краіны на нявызначаны тэрмін. Забароненыя масавыя мерапрыемствы колькасцю больш за 100 чалавек. У краіне з 10-мільённым насельніцтвам зафіксаваны 41 выпадак заражэння каронавірусам. Аб закрыцці школ, універсітэтаў і дзіцячых садкоў абвясцілі і ўлады Грэцыі, абмежаваўшы тэрмін каранціну двума тыднямі.

У Славаччыне, дзе пацверджаны 7 выпадкаў захворвання, зачыніліся школы толькі ў сталіцы Браціславе. Але да 23 сакавіка дзейнічае забарона на масавыя царкоўныя службы па ўсёй краіне разам з іншымі сходамі. Спіс новых забаронаў абнаўляецца штодня.

Таксама еўрапейскія краіны ўзмацняюць памежны кантроль, баючыся лёсу Італіі. У Польшчы, з насельніцтвам 38 мільёнаў, пацверджаны 21 выпадак заражэння вірусам. Там таксама забароненыя масавыя мерапрыемствы, ва ўніверсітэтах часткова адмененыя заняткі і ўведзены дадатковы медычны кантроль на межах з Нямеччынай і Чэхіяй, а таксама з Украінай, Беларуссю і Літвой.
Славенія і Аўстрыя зачынілі мяжу з Італіяй. Усе еўрапейскія краіны асцерагаюцца такога маштабу распаўсюджвання эпідэміі, якое адчувае на сабе Італія, дзе колькасць хворых перавысіла 10 тысяч чалавек, 631 чалавек ужо памёр.

На працягу дня 10 сакавіка толькі ў шасці федэральных землях Германіі – Паўночны Рэйн-Вэстфаліі, Баварыі, Бадэн-Вюртэмбергу, Гесэне, а таксама ў Ніжняй Саксоніі і Берліне – былі зафіксаваныя яшчэ 200 новых выпадкаў заражэння. Такую выснову журналісты зрабілі з паступаючых дадзеных ад уладаў рэгіёнаў, параўнаўшы іх з агульнанацыянальнымі лічбамі за панядзелак, калі была агучана агульная колькасць 1139 інфікаваных, двое з іх памерлі.

паводле dw.com/эж