Беларуская Служба

Пандэмічную сітуацыю на свеце выкарыстоўваюць спекулянты

15.03.2020 12:01
Ва ўсім свеце пандэмія новага каранавіруса мяняе стыль жыцця людзей, урады прымаюць жорсткія меры з мэтаю абмежаваць распаўсюд віруса.
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjnePAP/Jakub Kaczmarczyk

Ва ўсім свеце пандэмія новага каранавіруса мяняе стыль жыцця людзей, урады прымаюць жорсткія меры з мэтаю абмежаваць распаўсюд віруса. Урачыстасці Вялікага тыдня пройдуць у Ватыкане без удзелу вернікаў. У Афрыцы першыя выпадкі каранавіруса выяўлены ў Рэспубліцы Конга і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Жонка кіраўніка іспанскага ўраду заражаная вірусам, які выклікае хваробу Covid-19.

Прэзідэнт Казахстану ўвёў на тэрыторыі дзяржавы надзвычайнае становішча ў сувязі з пандэміяй. У Аўстраліі ўведзены сродкі асцярожнасці – усе асобы, якія прыбываюць у дзяржаву, павінны прайсці каранцін. Пандэмія паскорыла фармаванне ўраду ў Бельгіі, дзе з часу майскіх выбараў не ўдавалася сфармаваць урад. Па прычыне каранавіруса перанесены судовы працэс над прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху, які павінен быў пачацца 17 сакавіка. У Францыі, нягледзячы на каранавірус, адбываюцца муніцыпальныя выбары.

Сітуацыю выкарыстоўваюць спекулянты. На пачатку сакавіка Мат Кольвін (Matt Colvin) з гораду Чатануга ў амерыканскім штаце Тэнесі выкупіў усе сродкі для дэзынфекцыі рук. Прадаваў іх даражэй у інтэрнэце, але сэрвіс Амазона яго заблакаваў. Цяпер у яго 18 тыс. бутэлек, якіх мужчына не можа прадаць.

Дадзеныя на нядзелю раніцай – вірус SARS-CoV-2 забіў на свеце больш за 5400 асобаў. Па ўсім свеце інфекцыя выяўлена ў прыкладна 146 тыс. людзей.

ПР/нг