Папраўкі ў Канстытуцыю Расіі ўступілі ў сілу 4 ліпеня. Такі ўказ напярэдадні падпісаў прэзідэнт краіны Уладзімір Пуцін, дакумент апублікаваны на сайце Крамля, паведамляе РБК.
Тэкст Асноўнага закона з прынятымі ў выніку агульнарасійскага галасавання зменамі апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.
Галасаванне па папраўках у Канстытуцыю працягвалася з 25 чэрвеня да 1 ліпеня ўключна. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) завяршыла падлік галасоў 2 ліпеня. Па выніках галасавання за папраўкі ў Асноўны закон выступілі 77,92% грамадзян, супраць – 21,27%.
Папраўленая Канстытуцыя дазваляе Уладзіміру Пуціну зноў балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2024 годзе – ён тэарэтычна зможа заставацца ва ўладзе да 2036 года.