Дырэктар Федэральнага бюро расследаванняў (ФБР) Крыстафер Рэй заявіў у чацвер, што расійскія агенты спрабуюць перашкодзіць бягучай кампаніі па выбарах прэзідэнта ЗША. Паводле яго слоў, галоўная іх мэта – ачарніць кандыдата ад дэмакратаў Джо Байдэна.
Амерыканскія спецслужбы падлічылі, што «Расія працягвае спрабаваць уплываць на нашы выбары», – сказаў Рэй, выступаючы перад парламенцкім камітэтам. Кіраўнік ФБР дадаў, што «гэта можна назваць варожай замежнай спробай уплыву».
Сярод сфер дзейнасці расійскіх службаў ён назваў сацыяльныя сеткі, дзяржаўныя СМІ і інтэрнэт-журналістаў. Па словах Рэя, расіяне «спрабуюць пасеяць падзелы і разлад». Галоўнай мэтай, на яго думку, з'яўляецца «паклёп на Байдэна і тое, што расіяне лічаць антырасейскім істэблішментам».
Рэй прызнаў, што ФБР у гэтым годзе не зафіксавала шырокіх нападаў на выбарчую інфраструктуру, але занепакоена дэзінфармацыйнымі кампаніямі і «павелічэннем меншых парушэнняў у кіберсферы». Ён таксама выказаў занепакоенасць тым, што тактыка «ў канчатковым выніку выкліча недавер амерыканскіх выбаршчыкаў да сапраўднасці іх галасоў».
Занепакоенасць у сувязі з умяшаннем Расіі ў выбарчы працэс ЗША працягваецца яшчэ з папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў. Паводле амерыканскай разведкі, агенты Крамля ў 2016 годзе правялі дэзінфармацыйную кампанію ў сацыяльных сетках і ўзламалі серверы Дэмакратычнай партыі.
ав