Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Францыя ў чаканні чарговых тэрактаў

30.10.2020 10:41
«Мы вядзем вайну з ворагам, які знаходзіцца як унутры, так і звонку. Трэба разумець, што былі і будуць іншыя падзеі, падобныя да гэтых жахлівых нападаў».
Miejsce ataku terrorystycznego we Francji
Miejsce ataku terrorystycznego we FrancjiPAP/EPA/SEBASTIEN NOGIER

У Францыі могуць адбыцца чарговыя тэрарыстычныя напады на фоне абвешчанай «вайны супраць ісламісцкай ідэалогіі», заявіў у пятніцу, 30 кастрычніка міністр унутраных спраў краіны Жэральд Дарманен.

У чацвер узброены нажом тунісец з крыкамі «Алах Акбар» здзейсніў напад у саборы Ніцы, абезгаловіўшы жанчыну і забіўшы яшчэ двух чалавек. Падазраваны быў паранены і затрыманы паліцыяй.

«Мы вядзем вайну з ворагам, які знаходзіцца як унутры, так і звонку – сказаў Дарманен у эфіры Радыё RTL. – Трэба разумець, што былі і будуць іншыя падзеі, падобныя да гэтых жахлівых нападаў».

На фоне тэрарыстычнага нападу прэзідэнт Эмануэль Макрон пераконваў, што дзяржава стаіць на варце каштоўнасцяў Рэспублікі:

- На нас зноў нападаюць з-за нашых каштоўнасцяў: схільнасці да свабоды, магчымасці свабодна вызнаваць веру на нашай зямлі і не паддавацца якому-небудзь тэрору. Зноў жа, сёння я кажу гэта з вялікай яснасцю: мы ні ад чаго не адмовімся.

Францыя, пасля тэракту ў Ніцы, падымае да самага высокага ўзроўню тэрарыстычную пагрозу ва ўсёй краіне, паведаміў учора ў Нацыянальным Сходзе прэм'ер-міністр Жан Кастэкс. Прэм’ер таксама заявіў, што адказ французскага ўрада на гэтую атаку «будзе цвёрдым і непазбежным».

IAR/PAP/эж