35-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС - гэта нагода для абмеркавання пытаня атамнай электрастанцыі ў Беларусі, напісаў у сацыяльных сетках прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. АЭС у Астраўцы, побач з літоўскай мяжой, ад пачатку свайго будаўніцтва непaкоіць літоўцаў.
Гітанас Наўседа нагадаў, што ахвяры катастрофы на ЧАЭС на самой справе былі ахвярамі хлуслівага і „падступнага савецкага рэжыму”. Прэзідэнт Літвы звярнуў увагу на тое, што гэтая трагедыя павінна стаць урокам, але не ўсе зрабілі з яе адпаведныя высновы.
„Усяго ў 40 кіламетрах ад Вільні запускаецца АЭС „Астравец”, якая не адпавядае міжнародным патрабаванням і выпрабаванням. Гэта пагроза бяспецы грамадзян усяго Еўрапейскага Саюза”, - напісаў Гітанас Наўседа. Ён запэўніў, што будзе працягваць уздымаць гэтае пытанне падчас сустрэч з кіраўнікамі краін супольнасці.
Літва гадамі выступае супраць будаўніцтва беларускай электрастанцыі. Пераконвае, што аб'ект уяўляе пагрозу бяспецы краіны і заклікае іншыя дзяржавы не купляць электраэнергіі ў Астравецкай АЭС.
Нагадваем, Беларусь планавала ўвесці ў эксплуатацыю першы рэактар электрастанцыі ў першым квартале бягучага года, а другі - у 2022 годзе.
аз