Беларуская Служба

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн асудзіў прымусовы разварот самалёту Ryanair і арышт Пратасевіча

25.05.2021 08:19
 Акцыю ўрада Аляксандра Лукашэнкі амерыканскі прэзідэнт назваў нападам на палітычных апанентаў і нападам на свабоду СМІ.
Джо БайдэнPAP/EPA/Oliver Contreras / POOL

Джо Байдэн высока ацаніў рэакцыю Еўрапейскага Саюза і абвясціў, што ЗША таксама прымуць меры ў гэтым пытанні.

У заяве Белага дома Джо Байдэн назваў прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Мінску і арышт Рамана Пратасевіча прамым парушэннем міжнародных стандартаў. Прэзідэнт ЗША дадаў, што рашуча асудзіў дзеянні Беларусі. «Гэты абуральны інцыдэнт і відэа са спадаром Пратасевічам, відавочна, запісаныя пад прымусам, – гэта бессаромная атака як на палітычных апанентаў, так і на свабоду СМІ», – сказаў Джо Байдэн і заклікаў улады ў Мінску вызваліць Пратасевіча і сотні іншых палітвязняў. Прэзідэнт ЗША выказаў задавальненне ўвядзеннем Еўрапейскім Саюзам эканамічных санкцый і іншымі крокамі супраць Беларусі. Ён таксама паінфармаваў, што даручыў сваім дарадцам падрыхтаваць у каардынацыі з саюзнікамі дзеянні, якія прымусяць вінаватых панесці наступствы. «Я захапляюся мужнасцю і рашучасцю беларусаў, якія змагаюцца за асноўныя правы», – напісаў Джо Байдэн, дадаўшы, што Злучаныя Штаты ў сваёй барацьбе стануць на бок ваюючых беларусаў.

Тым часам Белы дом паведаміў, што дарадца ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван размаўляў па тэлефоне з лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.

ав