Сустрэча прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з грамадзянамі была падрыхтавана як прафесійны прапагандысцкі прадукт. Гэта была спроба замаскіраваць неэфектыўнасць расійскай дзяржавы, канстатаваў у размове з PAP прэс-сакратар міністра каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын.
Нагадваем, у сераду Уладзімір Пуцін прыняў удзел у амаль чатырохгадзінным тэлемосце з грамадзянамі, падчас якога адказваў на пытанні і просьбы расейцаў. Абмяркоўваліся, між іншым, вакцынацыя супраць COVID-19, барацьба з пандэміяй каранавіруса, міжнародная сітуацыя ў аспекце Украіны, выбары ў Дзярждуму, а таксама гістарычная палітыка.
На думку Жарына, «сустрэча Уладзіміра Пуціна з грамадзянамі была падрыхтавана як прафесійны прапагандысцкі прадукт». «Расійскі прэзідэнт прытрымліваўся, характэрнай для Крамля ліній уздзеяння на грамадскую думку – прадстаўляў Захад як агрэсіўную структуру, падтрымліваў пачуццё знешняй пагрозы ў грамадстве і прасоўваў ідэю вялікай Расіі, якая дасягае поспеху», – сказаў Жарын.
«Уладзімір Пуцін таксама выкарыстаў магчымасць маніпуляваць вобразам уласных агрэсіўных дзеянняў у адносінах да іншых краін. Пуцін у чарговы раз выступіў у ролі дабрачынца, гаспадара і абаронцы нацыі, непасрэдна адказваючы на просьбы і патрабаванні расейцаў», – падкрэсліў Жарын.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што, хаця сустрэча Пуціна была прапагандысцкай падзеяй, «не магчыма было выразаць пытанні, якія сведчылі пра сапраўдныя боязі расійскага грамадства». «Некаторыя ўзнятыя пытанні паказвалі на тое, што расійскае грамадства сур'ёзна занепакоена сітуацыяй у Расіі. Гэта не дзіўна – сітуацыя, звязаная са здароўем, эканомікай і сацыяльнымі ўмовамі ў Расіі становіцца ўсё больш сурʼёзнай», – адзначыў Станіслаў Жарын, а ягоныя словы прыводзіць старонка wnp.pl.
аз