Беларуская Служба

МЗС: Украіна не атрымлівала ад Беларусі інфармацыі аб закрыцці мяжы

03.07.2021 09:03
Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што закрывае межы з Украінай у адказ на нібыта незаконныя пастаўкі зброі з Украіны.
Сцяг УкраіныPhoto:1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Украіна не атрымлівала ад Беларусі інфармацыі аб закрыцці мяжы. Пра гэта паведамляе ўкраінскае Міністэрства замежных спраў. Раней кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што закрывае межы са сваім паўднёвым суседам у адказ на нібыта незаконныя пастаўкі зброі з Украіны.

Прэс-сакратар ведамства ўкраінскай дыпламатыі Алег Нікаленка адзначыў, што афіцыйная інфармацыя аб закрыцці мяжы ва Украіну з Беларусі не паступала. У той жа час ён падкрэсліў, што абвінавачванні Лукашэнкі ў пастаўках зброі ў Беларусь абсурдныя. Як ён дадаў, называнне Украіны знешняй пагрозай – гэта частка палітыкі дэзынфармацыі, рэпрэсіі і запалохвання беларускага грамадства.

Аляксандр Лукшэнка неаднаразова абвінавачваў Украіну – як і іншыя суседнія краіны, у тым ліку, Польшчу і Літву – у варожых дзеяннях. Нагадваем,пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсій супраць беларускага грамадства ўкраінскія ўлады не прызналі ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

аз