Беларуская Служба

З-за прытоку нелегальных мігрантаў з Беларусі ўрад Літвы ўводзіць надзвычайнае становішча

03.07.2021 11:04
Улады Літвы лічаць, што за раптоўным наплывам мігрантаў стаіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Сцяг ЛітвыPhoto:jorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад Літвы ўводзіць надзвычайнае становішча ў краіне. Рашэнне было прынятае ў сувязі з вялікім наплывам нелегальных мігрантаў з Беларусі. Міністр унутраных спраў Агнэ Білатайце падчас надзвычайнага паседжання ўрада Літвы запэўніла, што абвяшчэнне надзвычайнага становішча не звязанае з якой-небудзь пагрозай, а толькі дзеля спрашчэння некаторых працэдур.

«Важна мець такія тэхнічныя і лагістычныя інструменты, каб мы маглі хутка дзейнічаць і прымаць рашэнні», – сказала кіраўнічка МУС Літвы.

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце падкрэсліла, што ў гэтай сітуацыі адной з самых вялікіх праблем зʼяўляецца пандэмія каранавіруса і звязанае з гэтым абавязацельства прайсці каранцін.
«Гэта азначае, што патрэбныя большыя рэсурсы і магчымасці, чым звычайна», – сказала кіраўнічка літоўскага ўрада.

З просьбай аб увядзенні надзвычайнага становішча да ўраду звярнулася Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. За апошнія суткі літоўскія памежнікі затрымалі 150 чалавек, якія незаконна спрабавалі дабрацца ў Літву. Гэта новы рэкорд.

Улады Літвы паведамілі, што толькі ў гэтым годзе беларуска-літоўскую мяжу спрабавалі незаконна перасячы больш за 800 чалавек. Гэта ў дзесяць разоў больш, чым за ўвесь мінулы год. Большасць мігрантаў – іракцы, якія могуць легальна ўехаць у Мінск. Улады Літвы лічаць, што за раптоўным наплывам мігрантаў стаіць рэжым Лукашэнкі, і называюць гэтыя дзеянні формай гібрыднай вайны.

У панядзелак Беларусь абвясціла, што ў адказ на чацвёрты пакет санкцый ЕС прыпыніць дзеянне пагаднення аб рэадмісіі з ЕС.

аз

Літва можа паставіць плот уздоўж мяжы з Беларуссю

17.06.2021 13:12
З пачатку 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі ўжо 387 мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу з Беларуссю.