Беларуская Служба

У Латвіі можна будзе звальняць непрышчэпленых ад кавіду працаўнікоў

07.07.2021 10:53
У апошнія тыдні ўзровень вакцынацыі ў Латвіі зніжаецца.
.
.Photo:jardin/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Латвіі працадаўцы будуць мець права звальняць людзей, якія не вакцынаваліся ад Covid-19. Рашэнне прыняў урад Латвіі.

Абавязак вакцынацыі ці спраўка аб пройдзенай хваробе павінны быць, у прыватнасці, абавязковымі для лекараў, сацыяльных работнікаў і настаўнікаў. Да 14 ліпеня асобныя міністэрствы павінны падрыхтаваць адпаведныя папраўкі ў гэтым пытанні.

Новыя правілы ўвядуць абавязак абароны людзей з груп высокай рызыкі і забяспечаць бяспечнае аказанне паслуг ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі і дамах састарэлых.

Людзі без сертыфіката прышчэпкі змогуць асабіста карыстацца некаторымі паслугамі толькі ў тым выпадку, калі іх немагчыма будзе аказаць дыстанцыйна. Дакумент, які пацвярджае вакцынацыю ці выздараўленне, таксама павінен быць абавязковым для дзяржаўных чыноўнікаў. Працаўнікі павінны будуць атрымаць вакцыну і сертыфікат да 15 верасня.

У апошнія тыдні ўзровень вакцынацыі ў Латвіі зніжаецца. Паводле афіцыйных дадзеных, да гэтага часу цалкам прышчэплена трэцяя частка насельніцтва краіны.

ав