Беларуская Служба

Байдэн і Пуцін абмяркуюць пытанне Украіны і прысутнасці НАТА ў Еўропе

07.12.2021 09:30
Сёння ў 18.00 па маскоўскім часе адбудзецца тэлеканферэнцыя прэзідэнтаў Расеі і ЗША.
Джо Байдэн PAP/EPA/SHAWN THEW

Сёння запланаваная тэлеканферэнцыя прэзідэнтаў Расіі і ЗША. Як паведамілі ў Крамлі, Уладзімір Пуцін мае намер падняць пытанне аб пашырэнні прысутнасці НАТА ўздоўж межаў Расійскай Федэрацыі. Аднак, на думку Белага дома, Джо Байдэн перш за ўсё хоча гаварыць аб спыненні магчымай агрэсіі Масквы ў дачыненні да Украіны. Размова павінна пачацца ў 18.00 па маскоўскім часе.

У прэс-службе Крамля паведамілі, што спачатку прэзідэнты Расіі і ЗША абмяркуюць пытанне цяперашніх двухбаковых адносін. Затым яны прадставяць пазіцыі па найбольш важных міжнародных тэмах. Уладзімір Пуцін хоча, каб НАТА спыніла пашырэнне сваёй ваеннай і палітычнай прысутнасці каля расійскіх межаў. Раней лідар Расіі падкрэсліваў, што па гэтым пытанні неабходна падпісаць адпаведныя дакументы, бо вусныя абавязацельствы не выконваюцца.

Джо Байдэн, наадварот, мае намер гаварыць пра заклапочанасць магчымай агрэсіяй Расеі супраць Украіны. У апошнія дні Вашынгтон выказаў занепакоенасць паведамленнямі аб тысячах расійскіх жаўнераў, якія збіраюцца ля ўкраінскай мяжы, і папярэдзіў, што Злучаныя Штаты не застануцца пасіўнымі ў дачыненні да магчымага ўзброенага канфлікту.

Трансляцыя перамоваў не плануецца. Будуць паказаны толькі першыя хвіліны тэлеканферэнцыі. Прэс-сакратар Крамля не выключыў, што пасля завяршэння перамоваў можа быць арганізаваная прэс-канферэнцыя абодвух прэзідэнтаў.

IAR/аз

Дзяржсакратар ЗША: Калі Расія нападзе на Украіну, будуць сур'ёзныя наступствы

06.12.2021 11:32
Пра гэта Энтані Блінкен абвясціў у інтэрв'ю шведскаму тэлебачанню ў нядзелю.