Беларуская Служба

На будучым тыдні Еўракамісія прадставіць шосты пакет санкцыяў у адносінах Расіі

22.04.2022 08:24
Пакуль няма шанцаў прыпыніць пастаўкі газу, але магчымыя рашэнні адносна эмбарга нафты.
ЕС абмяркоўвае эмбарга на пастаўкі нафты з Расііфота: shutterstock.com/Tomas Budrys

На наступным тыдні Еўракамісія павінна прадставіць прапановы аб далейшых санкцыях супраць Расіі за агрэсію супраць Украіны. Шосты пакет абмежаванняў павінен уключаць між іншым эмбарга на імпарт нафты, але, як кажуць чыноўнікі і дыпламаты ЕС, гэта не будзе азначаць поўнага і неадкладнага прыпынення паставак нафты з Расіі.

Еўракамісія працуе над новымі санкцыямі супраць Расіі. Польшча разам з краінамі Балтыі і Скандынавіі настойвае на тым, каб праца ішла хутчэй і каб новы пакет уключаў эмбарга на імпарт нафты і газу. Пакуль няма шанцаў прыпыніць пастаўкі блакітнага паліва, але магчымыя рашэнні адносна нафты, пра што ўчора ў Вашынгтоне заявіў віцэ-старшыня Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс. «Мы абмяркоўваем санкцыі, якія ў той ці іншай форме будуць уключаць нейкае эмбарга на імпарт нафты», — сказаў намеснік кіраўніка Камісіі.

Германія пры падтрымцы Венгрыі і Аўстрыі выступае супраць неадкладнага эмбарга на імпарт нафты. Кажуць, што для таго, каб заручыцца падтрымкай гэтых краін, эмбарга будзе ўводзіцца паступова.

IAR PR/нг