Беларуская Служба

Еўрапейская камісія прапануе скараціць спажыванне газу на 15 %

20.07.2022 15:08
KE chce, by państwa zredukowały zużycie gazu. Jest plan awaryjny
KE chce, by państwa zredukowały zużycie gazu. Jest plan awaryjnyshutterstock.com/Marian Weyo

Еўрапейская камісія апублікавала план дзеянняў у надзвычайных сітуацыях і прапанавала добраахвотна скараціць спажыванне газу дзяржавамі-членамі на 15 %.

Брусель хоча, каб спажыўцы пачалі эканоміць ужо ў наступным месяцы і трымаліся такой палітыкі да канца сакавіка. План быў падрыхтаваны на выпадак спынення паставак расійскага газу.

«Расія нас шантажуе. Расія выкарыстоўвае энергію як зброю, і таму ў сітуацыі альбо частковай пастаўкі газу, альбо поўнага спынення паставак Еўропа павінна быць гатовая», – заявіла прэзідэнт камісіі Урсула фон дэр Ляен, агучваючы план дзеянняў у надзвычайных сітуацыях.

У ім гаворыцца, што калі сітуацыя пагоршыцца і наступная зіма будзе суровай, то ў краінах-членах ЕС будзе ўведзена абавязковае газавае рэгуляванне. Большасць краін павінны пагадзіцца з гэтымі прапановамі, каб яны ўступілі ў сілу.

У наступны аўторак гэтай прапановай будуць займацца 27 міністраў энергетыкі.

Камісія таксама сёння апублікавала рэкамендацыі наконт таго, якія крокі павінны зрабіць урады дзяржаў ЕС, каб скараціць спажыванне газу. Напрыклад, дапускаецца, што можа спатрэбіцца пераход з газу на вугаль, нафту або ядзерную энергетыку.

«Там, дзе гэта магчыма, прыярытэтам павінен быць пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі або на больш чыстыя рашэнні з меншымі выкідамі. Але пераход на вугаль, нафту або ядзерную энергію можа стацца неабходным у якасці часовай меры», – падкрэсліла Еўракамісія, дадаўшы, што гэта не павінна весці да доўгатэрміновай залежнасці ад вугляродаў.

Брусель таксама прапанаваў, каб кандыцыянеры ў грамадскіх будынках летам былі настроены на 25 градусаў. Зімой жа тэмпературу ацяплення варта абмежаваць да 19 градусаў. Камісія мяркуе, што калі краіны не пачнуць дзейнічаць зараз, зімой можа спраўдзіцца найгоршы сцэнар і ВУП Еўрапейскага саюзу ўпадзе на 1,5 %.

IAR / вх