Беларуская Служба

33 гады таму краіны Балтыі заявілі, што не пагаджаюцца на савецкую акупацыю

23.08.2022 20:02
Сёння Літва, Латвія і Эстонія святкуюць 33-ю гадавіну стварэння Балтыйскага ланцуга.
Балтыйскі ланцугAutorstwa Kusurija - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=31492433

Сёння краіны Балтыі святкуюць 33-ю гадавіну Балтыйскага ланцуга. Нагадваем, у 50-ю гадавіну заключэння Дагавора аб ненападзе, якую ў 1939 годзе ў Маскве падпісалі Молатаў і Рыбентрап, літоўцы, латышы і эстонцы ўзяліся за рукі, ствараючы ланцуг. Такім чынам яны сімвалічна злучылі Вільню, Рыгу і Талін.

Гісторык Віленскага ўніверсітэта Тамаш Бажэроцкі кажа, што 33 гады таму народы трох балтыйскіх краінаў ясна заявілі, што яны не пагаджаюцца на акупацыю Савецкім Саюзам:

- 50 гадоў пазней (пасля заключэння Дагавора аб ненападзе – рэд.) адбылася акцыя пратэсту, супраць гэтага незаконнага дзеяння. Мы паказалі, што мы супраць таго і мы хочам, каб свет ведаў, што мы не пагаджаемся быць часткай Савецкага Саюза.

Мяркуецца, што ў «Балтыйскім ланцугу» прынялі ўдзел больш за два мільёны чалавек. Сёння ўвечары на Ратушнай плошчы ў Вільні пройдуць юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 33-й гадавіны гэтай падзеі. У іх возьме ўдзел прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

IAR /аз