Беларуская Служба

Муніцыпальны палітык з Кракава перадаў былым беларускім палітвязням 50 камп'ютараў

25.01.2026 07:00
Палітык актыўна дапамагае Украіне, але на гэты раз дапамога была патрэбная беларусам. 
Аўдыё
  • Кракаўскі дэпутат сабраў для былых беларускіх палітвязняў 50 ноўтбукаў.
.
Ілюстрацыя.Фота: Pixabay/JoshuaWoroniecki

Кракаўскі палітык і грамадскі дзеяч Лукаш Вантух з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне рэгулярна ездзіць на ўкраінскія землі з гуманітарнай дапамогай. Перш за ўсё ён возіць туды камп’ютары, якія неабходныя дзеля кантакту з вонкавым светам. Але на гэты раз камп’ютары, падрыхтаваныя для адпраўкі ва Украіну, трапілі ў рукі былых беларускіх палітвязняў, якія былі вывезеныя ў Польшчу.

13 снежня ў Беларусі адбылася вялікая хваля вызвалення палітычных зняволеных. На свабоду выйшлі 123 асобы, іх адразу дэпартавалі ва Украіну, а пазней каля сотні чалавек прыехалі ў Польшчу. Людзей з Беларусі вывезлі практычна так, як яны выйшлі з турмы – без неабходных асабістых рэчаў, а некаторых нават без дакументаў. У Польшчы ім прыходзіцца пачынаць жыццё з нуля. Пачуўшы пра гэта, дэпутат кракаўскай гарадской рады Лукаш Вантух (Łukasz Wantuch) вырашыў перадаць ім 50 камп’ютараў, якія былі падрыхтаваныя для адпраўкі ва Украіну. 

— Гэта было супадзенне, бо я актыўна ўдзельнічаю ў дапамозе Украіне. З сакавіка 2022 года я быў ва Украіне 99 разоў. Мы з сябрамі перадаём украінцам камп'ютары. Мы ўжо даставілі ва Украіну амаль 2000 камп'ютараў і ноўтбукаў. Дзве тысячы будзе ў лютым, калі мы адправім чарговую партыю тэхнікі, якая ўжо падрыхтаваная. Многія людзі ведаюць, што да мяне можна звяртацца з просьбаю аб камп'ютарах. І пры дапамозе інтэрнэту на мяне выйшаў спадар Блажэй з Варшавы. Я звязаўся з гэтымі людзьмі. Аказалася, што ў гатэлі спынілася група з 50 бежанцаў з Беларусі, якім вельмі патрэбныя камп'ютары. У мяне ўжо было падрыхтавана 50 камп'ютараў для Украіны, але я вырашыў, што ў якасці выключэння магу перадаць іх у Варшаву. Гэтыя камп’ютары былі ва Уроцлаве, спадар Блажэй забраў іх, і мы раздалі камп’ютары бежанцам з Беларусі. Такім чынам, гэта была наша сумесная выключная кампанія дапамогі.

Адкуль вы бераце гэтыя камп'ютары? Гэта новая тэхніка, якую вы набываеце, ці патрыманыя камп'ютары?

— Гэта патрыманыя камп’ютары, набытыя ў Германіі. З Германіі іх прывозяць ва Уроцлаў і там правяраюць. Кожны ноўтбук, які мы аддаём, патрыманы, але ўсе яны правераныя. Калі ўзнікаюць якія-небудзь праблемы, іх рамантуюць і ўсталёўваюць новую аперацыйную сістэму. Мы таксама набываем новую торбу для кожнага ноўтбука. Мы вельмі стараемся, каб усё было ў добрым стане, каб усё выглядала салідна. Такім чынам, гэтыя ноўтбукі абсалютна функцыянальныя. Калі ноўтбук атрымлівае пашкоджанні падчас транспарціроўкі або пазней перастае працаваць, мы замяняем яго бясплатна. Звычайна мы падзяляем камп'ютары на дзве групы. Адна складаецца з ноўтбукаў са слабымі батарэямі, якія працуюць вельмі кароткі перыяд часу, а нават без батарэй. Звычайна мы адпраўляем такія ноўтбукі ў заходнюю Украіну, дзе менш адключэнняў электраэнергіі. Астатнія ноўтбукі з добрымі батарэямі мы адпраўляем у Харкаў, Краматорск, дзе часта адключаюць электрычнасць. Мяняць батарэі на новыя проста не аплачваецца, больш выгадна купіць яшчэ адзін ноўтбук. Паколькі ў Польшчы няма адключэнняў электрычнасці, для беларусаў мы выбралі ноўтбукі, якія адправілі б у заходнюю Украіну. На гэтых ноўтбуках можна працаваць, калі яны пастаянна падключаны да сеткі, але ў астатнім гэта працоўныя ноўтбукі, правераныя. І калі ўзнікнуць якія-небудзь праблемы, мы заўсёды гатовыя замяніць іх на новыя.

Беларускія палітвязні, якіх вывезлі ў Польшчу, сядзелі па некалькі гадоў у турме, яны адвыклі ад жыцця на свабодзе. У многіх праблемы са здароўем, і гэта ўжо пераважна не маладыя людзі. А іх прывезлі сюды практычна без ніякіх асабістых рэчаў, некаторых нават без дакументаў. Ім патрэбная больш сістэмная дапамога, на пастаяннай аснове, ці вы думалі пра тое, як такую дапамогу арганізаваць?

— Шчыра кажучы, гэта была аднаразовая ініцыятыва, галоўным чынам таму, што ў нас былі агульныя сябры. Я лічу, што ноўтбукі — гэта самая неабходная рэч на пачатковым этапе, бо яны не толькі дазваляюць падтрымліваць сувязь з блізкімі асобамі, але і дазваляюць шукаць працу і працаваць дыстанцыйна. Калі б узнікла неабходнасць, я магу дапамагчы большай колькасцю  ноўтбукаў.

Вы перадавалі асабіста гэтыя ноўтбукі былым беларускім палітвязням? Ці была ў нас нагода паразмаўляць з імі, выслухаць іх гісторыі? 

— У нас ёсць правіла, што ўсё, што мы ахвяруем – украінцам, ці беларусам, мы гэта робім асабіста. Кожны камп'ютар мы дастаўляем асабіста. Таму мы спецыяльна паехалі ў Варшаву, і кожны з бежанцаў атрымаў ад нас ноўтбук. Мы сустрэліся з кожным з гэтых людзей, пагаварылі з кожным з іх і заўсёды. Але яны ў выключнай сітуацыі, гэта бежанцы, толькі што вызваленыя з турмы, таму мы нават не рабілі фотаздымкаў. Звычайна, калі мы перадаём абсталяванне, мы спачатку просім дазволу, а потым робім некалькі фатаграфій. У гэтым выпадку мы не фатаграфавалі. Мы размаўлялі з імі, але размовы былі кароткімі. Мы ў асноўным размаўлялі з людзьмі, якія займаліся аказаннем дапамогі, з Аняй Міроўскай, спадаром Блажэем. Мы не хацелі, каб людзі адчувалі сябе няёмка, таму не задавалі пытанняў пра іх гісторыі.

На першы погляд можа здавацца, што кам'ютар не з'яўляецца рэччу першай неабходнасці, асабліва калі ў людзей няма практычна нічога. Але гэтая тэхніка вельмі патрэбная, каб людзі маглі звязацца са сваімі сваякамі, сябрамі, якія засталіся ў Беларусі, каб яны маглі вывучаць польскую мову і шукаць тут магчымасці пачаць новае, годнае жыццё.

нг