Беларуская Служба

Выбух на Nord Stream мог пашкодзіць сховішча нямецкай хімічнай зброі

09.11.2022 09:27
У Борнхольмскай упадзіне (глыбіня 105 метраў) знаходзіцца 85 тон нявыкарыстанай нямецкай хімічнай зброі часоў Другой сусветнай вайны.
Mariusz Błaszczak: eksplozje gazociągów Nord Stream nie były przypadkowe
Mariusz Błaszczak: eksplozje gazociągów Nord Stream nie były przypadkowePAP/Newscom

Выбух на газаправодзе Nord Stream мог пашкодзіць склад нямецкай хімічнай зброі, затопленай пасля Другой сусветнай вайны, або падняць забруджаныя адыходы, – кажа праф. Яцэк Бялдоўскі (Jacek Bełdowski) з Інстытута акіянаграфіі Польскай акадэміі навук. Вучоны вярнуўся з даследчага круізу ў Балтыйскім моры.

У Борнхольмскай упадзіне (глыбіня 105 метраў) знаходзіцца 85 тон нявыкарыстанай нямецкай хімічнай зброі. «Хаўруснікі хацелі пазбавіцца ад гэтага і падзялілі паміж сабой, а частку аддалі Расіі, якая патапіла груз у Балтыйскім моры на ўсход ад Борнхольма. Каля гэтага палігона адбыўся выбух на газаправодзе Nord Stream» – падкрэслівае праф. Бялдоўскі.

Навуковец з’яўляецца кіраўніком Лабараторыі сучаснай небяспекі для марскіх экасістэм Інстытута акіянаграфіі Польскай акадэміі навук і з 2011 года даследуе склад хімічнай зброі ў Борнхольмскай глыбіні. «У нас ёсць дадзеныя аб распаўсюджванні хімічнай зброі, як выглядае забруджванне марскога дна. Што тычыцца новых даследаванняў, мы былі ў круізе пасля выбуху каля Nord Stream у канцы кастрычніка і ўзялі новыя пробы, таму мы Чакаем вынікаў», – адзначыў ён.

Па словах праф. Бялдоўскага, ёсць дзве пагрозы. «У выніку велізарнай сілы выбуху і хвалі ціску хімічная зброя магла быць пашкоджана. Там ёсць серны іпрыт, Адамсіт, Кларк, розныя віды пякучых і раздражняльных злучэнняў», – нагадвае даследчык.

Другая небяспека звязаная з «пад'ёмам забруджванняў», якія назапашваюцца ў самых глыбокіх месцах Балтыйскага мора, у тым ліку ў Борнхольмскай глыбіні. «Ёсць цяжкія металы, супрацьабрастаючыя злучэнні, якімі фарбавалі караблі, ДДТ і іншыя арганічныя забруджвальнікі. Ёсць усё тое, што выкідаў чалавек другой паловы ХХ стагоддзя з прамысловасці або сельскай гаспадаркі. Свінец з бензіну, ртуць», – адзначыў у эксперт.

На думку праф. Бялдоўскага, у выніку выбуху на Nord Stream, «відавочна, адбылася эрозія адкладаў» у Борнхольмскай глыбіні. «Мы падводнай камерай спусціліся ў зону затаплення (хімзброі), а ў паўночнай частцы, бліжэйшай да катастрофы (выбуху), зусім іншая завісь», – адзначае ён.

Па словах навукоўца, за апошнія 10 гадоў завісь «зляпілася ў тоўстыя шматкі, падобныя на снег». «Сёлета (у канцы кастрычніка) на поўдні яшчэ было так, а на поўначы была такая вельмі дробная завісь, як туман, так што там, відаць, быў размыў наносаў і воблака ўжо ёсць», – падкрэслівае праф. Бялдоўскі.

Тэсты ўзятых навукоўцам пробаў праводзяцца ў лабараторыі Ваеннай акадэміі навук у Варшаве, якая зʼяўляецца адзінай лабараторыяй у Польшчы, якая мае досвед аналізу хімічнай зброі. Вынікі павінны паказаць, ці перамяшчаецца завісь ад выбуху Nord Stream у іншыя рэгіёны марскога дна і ці адбылося заражэнне.

Па словах праф. Бялдоўскага, можна казаць пра пагрозу для марскіх арганізмаў. «Мы бачылі, што небяспечныя злучэнні могуць назапашвацца ў рыбе, але да гэтага часу канцэнтрацыі былі нізкімі. Калі ўцечка хімічнай зброі сапраўды была, мы можам быць занепакоеныя станам маладой рыбы, якая больш уразлівая. Там можа быць яшчэ менш трэскі», — адзначае ён.

Уцечка з двух газаправодаў Nord Stream на дне Балтыйскага мора была выяўленая 26 верасня. Верагодная прычына пашкоджанняў — дыверсія.

Daniel Zyśk / PAP / вх