Беларуская Служба

Еўракамісія: Twitter – крыніца дэзынфармацыі Крамля

26.09.2023 18:26
Партал X, раней Twitter, з'яўляецца найбуйнейшай крыніцай расійскай дэзынфармацыі, накіраванай на Украіну. Так лічыць Еўракамісія, якая апублікавала справаздачу пра барацьбу з фальшывымі навінамі ў інтэрнэце.
Ілюстрацыйнае фотаAlejandro_Munoz/Shutterstock

Брусель  заклікаў да рашучых дзеянняў у гэтым пытанні. Зварот быў адрасаваны буйным інтэрнэт-кампаніям, уключаючы меншыя або спецыялізаваныя платформы, індустрыю інтэрнэт-рэкламы і пастаўшчыкоў рэкламных тэхналогій. 44 ключавыя кампаніі, такія як Google, TikTok і Microsoft, падпісалі агульнаеўрапейскі кодэкс паводзінаў і ўзялі на сябе абавязак змагацца з дэзынфармацыяй. Twitter пакінуў гэты альянс у траўні.

Прыкладаў нарастаючай дэзынфармацыі Крамля ў ЕС становіцца ўсё больш, падкрэсліла віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Вера Юрава, прадстаўляючы дэталі дакладу.

«Расія атручвае інфармацыйную прастору паўпраўдай і хлуснёй. Гэта шматмільённая зброя масавай маніпуляцыі», – сказала Вера Юрава.

Яна заклікала ўсіх актывізаваць намаганні ў барацьбе з расейскай дэзынфармацыяй, асабліва ў сувязі з вайной Расіі ва Украіне і выбарамі ў Еўрапарламент у наступным годзе. «Крэмль выкарыстоўвае бомбы, каб ваяваць ва Украіне, але ён ваюе і словам, каб дастаць да Еўрасаюза», – дадаў намеснік кіраўніка камісіі.

Вера Юрава згадала платформу Маска, якая не прыкладае намаганняў для барацьбы з расійскай дэзынфармацыяй. Яна таксама прывяла прыклады паспяховых дзеянняў, у тым ліку заяву Google аб тым, што са студзеня па красавік YouTube закрыў больш за 400 каналаў, якія распаўсюджвалі дэзынфармацыю, былі спансаваныя расійскім Агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў, то бок фабрыкай троляў.

IAR/Beata Płomecka/вх