Украінскі праваабаронца Максім Буткевіч стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі імя Ганны Франк «за дзейнасць у абароне правоў чалавека і барацьбе з такімі праявамі, як ксенафобія і расізм». Пра гэта гаворыцца на сайце амбасады Нідэрландаў у ЗША, якая ўручае ўзнагароду.
Замест Максіма Буткевіча, які зараз знаходзіцца ў расійскім палоне, узнагароду атрымаў яго бацька Аляксандр.
Атрымліваючы ўзнагароду, Аляксандр Буткевіч расказаў, што перад палонам яго сын сказаў: «Вайна — гэта траўма, трагедыя, няшчасце, яна робіць людзей жорсткімі. Я спадзяюся, што гэта не зробіць нас настолькі жорсткімі, што мы паставім правы чалавека на другое ці трэцяе месца. Мы вядзём вайну менавіта дзеля таго, каб захаваць магчымасць увасабляць каштоўнасці, якія мы адстойваем, якія адрозніваюць нас ад агрэсара».
Максім Буткевіч — украінскі праваабаронца і журналіст. У сакавіку 2022 года ўступіў у шэрагі Узброеных сіл Украіны. У сакавіку 2023 года «суд» на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей «прысудзіў» Максіма Буткевіча да 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за абстрэл пад'езда жылога дома ў Севераданецку і раненне двух мірных жыхароў.
У МЗС Украіны падкрэслілі, што ўвесь судовы працэс з'яўляецца фальшывым і быў зарганізаваны ў Расіі з мэтай легалізацыі палітычнай расправы над грамадзянамі Украіны. Абвешчаныя «прысуды» Буткевічу ды іншым ваеннапалонным незаконныя і не маюць законнай сілы, падкрэслілі ў міністэрстве.
Прэмія была заснаваная ў гонар Ганны Франк, 15-гадовай яўрэйскай дзяўчынкі, якая памерла ад тыфу ў нацысцкім канцлагеры. Яе гісторыя стала вядомая ўсяму свету пасля публікацыі яе дзённіка. Яе творы з'яўляюцца самым вядомым апавяданнем пра жыццё яўрэяў падчас вайны.
Прэмія штогод уручаецца амбасадай Нідэрландаў у ЗША. На сайце амбасады адзначаецца, што яна прысуджаецца за «працу, накіраваную на барацьбу з нецярпімасцю, антысемітызмам, расізмам або дыскрымінацыяй» і адстойванне «свабоды і роўных правоў у мэтах садзейнічання эфектыўнаму функцыянаванню адкрытай, плюралістычнай і дэмакратычнай арганізацыі грамадства».
hromadske