Германія мае намер аказваць ваенную падтрымку Украіне да канца гэтага дзесяцігоддзя і далей. Пра гэта ў інтэрв'ю газетам «Stuttgarter Zeitung» і «Stuttgarter Nachrichten» паведаміў кіраўнік спецштаба па Украіне Мінабароны ФРГ генерал-маёр Крысціян Фройдынг, піша «Еўрапейская праўда».
Паводле яго слоў, з пачаткам вайны на Блізкім Усходзе для Германіі нічога не мяняецца: «Для нас зразумела: мы падтрымліваем Украіну гэтак жа, як Ізраіль». Аднак, як адзначыў генерал, зыходная сітуацыя ў абедзвюх краінах моцна адрозніваецца.
«Украінскія ўзброеныя сілы толькі пачынаюць мадэрнізавацца. Ізраільская армія добра абсталяваная, добра навучаная і гатовая весці вайну з дня ў дзень. Эканамічныя магчымасці Украіны і Ізраілю таксама абсалютна розныя. Акрамя таго, характар вайны іншы», – растлумачыў Фрэйдынг.
Ён адзначыў, што калі ў пачатку вялікай вайны было ў асноўным сітуацыйнае забеспячэнне, то цяпер планаванне вядзецца на доўгатэрміновую перспектыву.
«Разам з Украінай і нашымі партнёрамі мы гаворым аб тым, як павінны выглядаць будучыя ўкраінскія ўзброеныя сілы. Адно відавочна: ваенная падтрымка Украіны – гэта задача да канца дзесяцігоддзя і далей. Наша бюджэтнае планаванне ўжо прадугледжвае сродкі да 2032 года, што паказвае нашу рашучасць», – сказаў генерал.
Ён падкрэсліў неабходнасць дапамогі Украіне ў развіцці яе патэнцыялу, каб яна магла заставацца свабоднай дзяржавай, здольнай абараніць сябе і стрымаць нападнікаў.
«Для мяне барацьба за свабоду не мае тэрміну прыдатнасці», – сказаў нямецкі генерал.
Фройдынг таксама паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны больш за 8 тысяч украінскіх вайскоўцаў прайшлі падрыхтоўку ў Германіі.
Напярэдадні Германія паведаміла пра перакінутую Украіне новую партыю ваеннай дапамогі, якая ўключае розную тэхніку – ад бронетэхнікі да ахоўных акуляраў.
Нагадаем, у папярэдні пакет уваходзіла яшчэ адна сістэма IRIS-T, боепрыпасы і бронетранспарцёры.
ав