Вільня і Кіеў намерваюцца актывізаваць супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках «для ўзмацнення ізаляцыі агрэсара – Расіі і яе хаўрусніцы – Беларусі», гаворыцца ў сумеснай заяве прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы і яго ўкраінскага калегі Уладзіміра Зяленскага па выніках сустрэчы 10 студзеня ў літоўскай сталіцы, паведамляе «Позірк».
Прэзідэнты згодныя ў тым, што «Расія і яе кіраўніцтва павінны несці поўную адказнасць за вядзенне захопніцкай вайны супраць Украіны і іншыя цяжкія злачынствы паводле міжнароднага права», – чытаем у заяве.
Палітыкі адзначылі, што адмысловы міжнародны трыбунал па злачынстве агрэсіі супраць Украіны павінен мець шырокую міжнародную легітымнасць і быць здольным прыцягнуць да адказнасці вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Расіі і Беларусі за злачынства агрэсіі.
У дакуменце гаворыцца, што Літва і Украіна разам з партнёрамі «працягнуць інтэнсіўную працу па вяртанні ва Украіну ўсіх незаконна выкрадзеных украінскіх дзяцей». Заяўлена, што «пераслед украінскіх дзяцей, незаконны вываз іх у Расію, знішчэнне іх украінскай ідэнтычнасці з’яўляецца надзвычай сур’ёзным міжнародным злачынствам». У сувязі з гэтым Наўседа і Зяленскі «асудзілі пасобніцкую ролю Беларусі ў здзяйсненні гэтага злачынства і заклікалі прыняць адпаведныя меры юрыдычнага характару таксама да адказных за гэта беларускіх асоб і арганізацый».
Паводле даных Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскага ўніверсітэта (ЗША), якія ўтрымліваюцца ў апублікаванай 16 лістапада 2023 года справаздачы амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі «Абсерваторыя канфліктаў», з Украіны ў Беларусь з пачатку развязанай РФ вайны былі вывезеныя не менш як 2 442 дзіця 6–17 гадоў. Згодна з дакументам, дзяцей (у тым ліку з уразлівых груп насельніцтва) прывозілі ў 13 беларускіх устаноў.
Сярод датычных да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь названы беларускі паралімпіец і праўладны грамадскі дзеяч Аляксей Талай, ААТ «Беларуськалій», праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Летась 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
Беларускія дэмсілы патрабуюць таго ж у дачыненні да Лукашэнкі. 13 верасня 2023 года Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець магчымасць выдаць ордар на яго арышт.
Летась 1 снежня Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла членства Беларускага Чырвонага Крыжа (БКК), паколькі БКК не вызваліў ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў датычнасці да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.
аз