Беларуская Служба

Прэм'ер Ізраіля пасля гібелі больш за 20 салдат: Мы будзем змагацца да поўнай перамогі

23.01.2024 14:59
Біньямін Нетаньяху прызнаў, што Ізраіль перажывае «адзін з самых цяжкіх дзён з моманту пачатку вайны» 7 кастрычніка 2023 года.
Пахаванне аднаго з забітых ізраільскіх жаўнераўPAP/EPA/ABIR SULTAN

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху абвясціў у аўторак, што армія будзе змагацца «да поўнай перамогі» ў вайне супраць палестынскага ХАМАС. Так кіраўнік урада адрэагаваў на інфармацыю аб гібелі 21 ізраільскага вайскоўца ў выніку выбуху ў панядзелак у сектары Газа.

У паведамленні на платформе X Нетаньяху запэўніў, што «ў імя нашых герояў (...) мы не спынім барацьбу, пакуль не дасягнем поўнай перамогі», паведамляе AP.

Прэмʼер-міністр прызнаў, што Ізраіль перажывае «адзін з самых цяжкіх дзён з моманту пачатку вайны» 7 кастрычніка 2023 года.

У аўторак ізраільская армія абвясціла, што 21 салдат загінуў напярэдадні ў выніку выбуху ў сектары Газа, калі баевікі ХАМАС абстралялі з гранатамётаў два замініраваныя салдатамі будынкі. Агенцтва Associated Press лічыць, што гэта самая буйная страта жыцця ізраільскай арміі з пачатку цяперашняй вайны.

Таксама ў аўторак ізраільскае ваеннае камандаванне абвясціла, што за апошнія суткі падчас жорсткіх баёў у сектары Газа былі забітыя «дзясяткі тэрарыстаў». У рэлізе гаворыцца, што «сухапутныя войскі наносілі (паветраныя) ўдары і выкарыстоўвалі разведданыя для каардынацыі агню, што прывяло да ліквідацыі некалькіх дзясяткаў тэрарыстаў».

Ізраільская армія дзейнічае ў Хан-Юнісе, найбуйнейшым горадзе на поўдні сектара Газа, які ў цяперашні час лічыцца ключавым аплотам ісламісцкага ХАМАС, які кіруе сектарам.

Міністэрства аховы здароўя ХАМАС заявіла ў аўторак, што з пачатку цяперашняга канфлікту ў сектары Газа былі забітыя па меншай меры 25 490 чалавек. У статыстыцы не ўлічваецца падзел на мірных ахвяраў вайны і загінуўшых удзельнікаў баявых дзеянняў.

Тыдзень таму, паводле ацэнак ізраільскай арміі, падчас баёў загінулі каля 9 тысяч тэрарыстаў з ХАМАС і меншых саюзных груповак.

ав

Жазэп Барэль: Гуманітарная сітуацыя ў Газе ўжо не можа быць горшай

22.01.2024 11:48
З гэтага моманту я буду гаварыць не пра мірны працэс, а пра працэс, які прадугледжвае будаўніцтва дзвюх дзяржаў, заявіў Барэль.