18 з 31 краіны НАТА ў гэтым годзе выдаткуюць неабходныя 2% ВУП на абарону. Пра гэта паведаміў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг. Інфармацыя з'явілася праз некалькі дзён пасля таго, як Дональд Трамп заявіў, што не будзе абараняць еўрапейскіх саюзнікаў, якія не выдзяляюць належных сродкаў на абарону, і што ён нават будзе заахвочваць Расію напасці на іх. Кіраўнік НАТА падкрэсліў, што з 2014 года назіраецца значны рост ваенных выдаткаў. Агулам еўрапейскія саюзнікі і Канада павялічылі свой бюджэт на ўзбраенне на 600 мільярдаў долараў.
- Сёлета саюзнікі па НАТА ў Еўропе ўкладуць у абарону 380 мільярдаў долараў. Такім чынам, мы назіраем рэальны прагрэс. Еўрапейскія саюзнікі выдаткоўваюць больш на ўзбраенне. Аднак некаторым членам яшчэ ёсць над чым папрацаваць. На саміце ва Уэльсе мы пагадзіліся, што ўсе саюзнікі павінны ўкласці 2%, і што 2% – гэта мінімум.
Апошняя справаздача аб выдатках на абарону, якая была ў распараджэнні штаб-кватэры НАТА, была з ліпеня мінулага года. У той час 11 краін на чале з Польшчай выканалі патрабаванне не менш за 2% ВУП на абарону. Рашэнне было прынятае на саміце ў 2014 годзе ва Уэльсе ў адказ на анексію Крыма Расіяй і ўварванне ва ўсходнюю Украіну. Спачатку патрабаванням НАТА адпавядалі толькі 4 краіны, але з кожным годам гэтая група павялічвалася. Доўгі час ЗША былі першымі ў Альянсе паводле абʼёму сродкаў, якія выдзяляюцца на ўзбраенне ў параўнанні з памерам нацыянальнай эканомікі. У мінулым годзе іх абагнала Польшча, выдаткі якой на абарону цяпер амаль у два разы перавышаюць патрабаванні Альянсу.
IAR/нг